Пабачыла свет кніга Уладзіміра Мацкевіча



Пабачыла свет кніга палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Яна мае назву „Отвечая за себя. Записки философа с вредным характером”. 

Фота: Максім Жбанкоў падчас прэзентацыі кнігі Уладзіміра Мацкевіча ў Вільні

Запіскі Мацкевіч рабіў яшчэ да свайго зняволення, з лютага па травень 2019 года. Гэта наўпроставая размова мысляра з самім сабой, з палітыкамі і  грамадзянскімі актывістамі.

Мацкевіча пасадзілі, таму што ён нязручная публічная асоба і харызматычны крытык сістэмы – так лічыць культурны аналітык і медыякрытык Максім Жбанкоў:

– Тое, што гэта майстар парадаксальнага, гучнага, выразнага, афарыстычнага, публічнага выказвання, у наша сітуацыі, у сітуацыі сённяшняй дзяржавы, гэта абсалютная небяспека для рэжыму. Рэжым працуе супраць свабоды мыслення, супраць паслядоўнай крытыкі таго, што ён робіць, супраць вольнага, нязмушанага выказвання без візы міністэрства ці спецслужб.

Кнігу Уладзіміра Мацкевіча выдалі ягоныя калегі. Даступная яна ў электронным фармаце, а спампаваць яе можна на сайце Лятучага ўніверсітэту. А публічная прэзентацыя кнігі прайшла 11 снежня ў Беларускім доме ў Вільні.

Філосафа Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года ў межах артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Беларускае Радыё Рацыя