Пабачыла свет кніга ўспамінаў кардынала Казіміра Свёнтка



У Польшчы пабачыла свет кніга ўспамінаў першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка. Лісты з запісамі, дзе ён апісаў свой жыццёвы шлях з 1918 па 1988 гады, знайшлі ў Пінску пасля ягонай смерці. Неўзабаве каштоўныя нататкі трапілі ў Варшаву, дзе іх апрацавала мовазнаўца, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова.

Частка тэксту прысвечана рэпрэсіям, праз якія давялося прайсці іерарху. Пінскі краязнаўца распавёў, што пасля заканчэння пінскай семінарыі будучы кардынал накіраваўся ў Пружаны:

-Стаў вікарыем у Пружанах. І першы раз быў арыштаваны менавіта ў Пружанах і змешчаны ў Берасцейскую турму. Адкуль пры бамбардзіроўцы ў 1941 годзе паспяхова выйшаў, таму што была разбурана тая частка, дзе ён сядзеў. Вярнуўся ў Пружаны, служыў ксяндзом у мясцовым касцёле. Пасля быў арыштаваны і сасланы ў лагер. І калі вызваліўся, мог выехаць у Польшчу, але застаўся тут.

Суразмоўца дадае, што пасля дзесяці гадоў сталінскіх лагероў, у 1954 годзе Свёнтэк вярнуўся ў Пінск, дзе пачынаў сваё служэнне. У горадзе над Пінай кардынал і знайшоў адвечны спачын 21 ліпеня 2011 года на 96 годзе жыцця.    

Беларускае Радыё Рацыя