Пабачыла свет „Выбранае” Хведара Ільяшэвіча
Пабачыла свет новае выданне ў серыі Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына” „Спадчына: агледзіны” – „Выбранае” Хведара Ільяшэвіча.
Выданне цікавае і ўласна творамі аўтара, пераважна малавядомымі ў Беларусі, і ўспамінамі пра яго блізкіх людзей, і сапраўдным эпісталярным раманам, які склала ліставанне Віцьбіч-Ільяшэвіч-Вольга Таполя – унікальным выпадкам, калі захавалася такая эмацыйная і шматаспектная эміграцыйная карэспандэнцыя.
Цікавая кніга і яшчэ адным момантам. Як вядома, прозвішча аўтара існуе ў трох варыянтах: Ільяшэвіч (так падпісаныя ягоныя міжваенныя зборнікі), Ільляшэвіч (як пісалася на эміграцыі) і Ілляшэвіч (як згадвалі яго даследчыкі ў Беларусі). У новым выданні прысутнічаюць усе гэтыя варыянты: першы – на тытульнай старонцы, у прадмовах і каментарах, другі – у арыгінальных тэкстах успамінаў і ліставанні, і трэці – на вокладцы. Няхай для гісторыі захаваецца гэтая шматварыянтнасць разам з усім тым, што пісалася і пішацца самім аўтарам і пра яго.
Укладальнікамі кнігі выступілі Наталля Гардзіенка, Ціхан Чарнякевіч і Лявон Юрэвіч. Кнігу выдала выдавецтва „Кнігазбор”. У якасці прадмовы ў кнізе надрукавана эсэ Арсена Ліса „Веснапесьні Хведара Ільяшэвіча”.
Паводле паведамлення ў Фэйсбуку Наталлі Гардзіенкі.