Пабачылі свет тры кнігі твораў Васіля Быкава на ўкраінскай мове



Да 95-ых угодкаў з дня нараджэння Васіля Быкава і да 75-ці годдзя вызвалення Беларусі і Украіны выйшлі тры кнігі твораў народнага пісьменніка ў перакладзе на ўкраінскую мову.

Распавядае старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:

– Штогод выходзяць новыя фільмы, знятыя па ягоных творах. Мы пра гэта кожны раз згадваем. Выходзяць кнігі ў Беларусі і за межамі Беларусі. Ёсць прыемная навіна – сёлета ва Украіне выйшла адразу тры кнігі ў выдавецтве “Знанне”, у перакладзе на ўкраінскую мову. У тым ліку і кніга “Мёртвым не баліць”, якая можа самая аўтабіяграфічная кніга Васіля Уладзіміравіча. Дзякуй вялікі Вячаславу Пятровічу Рагойшу і Таццяне Карбжыцкай, якія зрабілі гэтыя пераклады, якія зрабілі ўсё, каб гэтыя кнігі выйшлі ва Украіне. 

Ва ўкраінскім выданні аповесці “Мёртвым не баліць” адноўленыя каля 200 цэнзурных купюр савецкага часу. Гэты твор Быкава пасля часопіснай публікацыі быў забаронены да выдання асобнай кнігай 23-ы гады.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск