Пабачыць свет кніга пра савецка-польскую мяжу



З друку выходзіць унікальная кніга пра савецка-польскую мяжу гісторыка Ігара Мельнікава.

Яна называецца “Мяжа ля Заслаўя. 1921-1941 гады”. Кніга распавядае пра жыццё памежжа як з польскага, так і савецкага боку, закранае “вызвольны паход” Чырвойнай арміі ў Заходнюю Беларусь, пра мужную абарону савецкіх памежнікаў заслаўскага ўчастка ў 41-ым годзе.

Мяжа ля Заслаўя Мельнікаў

польскія памежнікі на мяжы з СССР

савецкія танкі пераходзяць рыжскую мяжу, верасень 1939 года

Па словах аўтара, выданне мае ўтрымліваць больш за сто арыгінальных архіўных фотаздымкаў, якія ілюструюць існаванне “Рыжскай мяжы”, а таксама шэраг цікавых, невядомых фактаў:

– З аднаго боку, я расказваю пра гісторыю Савінкава, які пад маёй Хмелеўкай пераходзіў мяжу і якога пазней арыштавалі. А з другога боку, расказваю гісторыю звычайнага беларуса, які жыў у савецкі час, але займаўся кантрабандай, гуляў, хадзіў праз гэтую мяжу. І гэта гістарычныя факты, якія раней у гістарыяграфіі, на жаль, не прапісваліся.

Кніга “Мяжа ля Заслаўя” напісана на падставе шматлікіх дакументаў з архіваў Беларусі, Польшчы, Расеі і іншых краін, вусных успамінаў сведкаў эпохі і матэрыялаў з асабістай калекцыі аўтара. Выхад кнігі запланаваны на пачатак верасня ў выдавецтве “Галіяфы”.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Здымкі з архіва Ігара Мельнікава