Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова



Напярэдадні Калядаў пабачыў свет пяцітомны збор выбраных твораў аднаго з найулюбёных пісьменнікаў сучаснай Беларусі — Уладзіміра Арлова.

Тут усё, што даспадобы сённяшняму беларускаму чытачу. Кніга выбранай эсэістыкі пачынаецца з легендарнага эсэ “Незалежнасць — гэта…”, перакладзенага на 20 моваў свету. Томік арлоўскай паэзіі – гэта выбраныя творы з пяці паэтычных кніг, уключаючы “Паром праз Ла-манш” за якую аўтар атрымаў міжнародную прэмію “Еўрапейскі паэт свабоды”. Чытачу прапануецца і фірмовая гістарычная проза Арлова – аповесці “Сны імператара” і “Час чумы”, апавяданні “Тры мужы спадарыні Дамінікі”, “Рандэву на манёўрах”, “Каханак яе вялікасці”… У збор твораў увайшлі містычная гісторыя кахання “Краявід з ментолавым пахам”, антытаталітарны “Ордэн Белай мышы”, антыкаланіяльная “Сібірская аповесць”. Не забытая ў пяцікніжжы  і проза апошніх гадоў  — найноўшыя аповесці “Танцы над горадам” і “Дом з дамавікамі”. Збор твораў Уладзіміра Арлова выйшаў у выдавецтве “Логвінаў”.

“Гэта самы цудоўны падарунак, які я калі-небудзь атрымліваў на Каляды, — кажа Уладзімір Арлоў, — Буду сустракаць святы ў атачэнні маіх кніг і маіх герояў. Могуць абраць гэтую кампанію  і чытачы. Абяцаю, што будзе і цікава, і смешна, і страшна. Але толькі не сумна.”

Падпісаць новыя кнігі можна будзе на каляднай  аўтограф-сесіі Уладзіміра Арлова ў сераду 20 снежня ў “Акадэмкнізе” (пр.Незалежнасці, 72) з 18 да 20 гадзін.