Пабачыў свет CD “Сакрат Яновіч. Мініяцюры. Чытае Міхась Андрасюк”



“Сакрат Яновіч. Мініяцюры. Чытае Міхась Андрасюк” – так называецца CD выданне, якое нядаўна з’явілася на свет.

Карэспандэнт Радыё Рацыя пагутарыў з Міхасём Андрасюком пра новы літаратурны аўдыё-дыск.

РР: Атрымоўваецца, што тут адзін падляшскі літаратар агучвае творы другога падляшскага літаратара. Так?

Міхась Андрасюк: Так атрымалася. Першы варыянт быў такі, што гэтыя мініяцюры Сакрата прачытае ягоны сын. На жаль, лёс вырашыў іначай. Славамір памёр. І Фонд “Villa Sokrates”, які рэалізаваў гэты праект, звярнуўся менавіта да мяне з такой прапановай, каб я прачытаў. А я, шчыра сказаўшы, доўга не думаючы, сказаў, што прачытаю. Таму што з Сакратам мы былі знаёмыя шмат гадоў, ягоная проза мне абсалютна не чужая. Тым больш гэтыя кароткія творы, якія літаратуразнаўцы назвалі так своеасабліва – “сакраткамі”.

РР: “Сакраткі”, або такі тэрмін “лірычная проза”, або некаторыя гэта параўноваюць з паэзіяй, што гэта недзе на памежжы прозы і паэзіі. Так?

Міхась Андрасюк: Так. Я б сказаў, што гэта месцамі паэзія прозай. І вось гэтыя творы, пра якія можна сказаць, што яны паэзія прозай, мне неяк найбольш па душы. Найбольш прыемна і найлягчэй чыталіся.

РР: А чаму такая ўвага з усяго, што напісаў Сакрат Яновіч, менавіта да гэтых мініяцюраў? Таму што я памятаю, у 2016 годзе таксама паводле  гэтых тэкстаў, толькі не 37-мі, як тут, а датычна толькі 10-ці, па-мойму, гэтых мініяцюраў рабіў вялікую кампазіцыю гуртPort Mone”, польскі кампазітар Яцашэк і Юрка Асеннік. Чаму ўвага менавіта вось да іх такая?

Міхась Андрасюк: Усё гэта праекты Фонду “Villa Sokrates”, які займаецца між іншым папулярызацыяй творчасці Сакрата Яновіча. А чаму “сакраткі”? Яны найбольш адлюстроўваюць аўтара. Я думаю, з усяго, што Сакрат напісаў, менавіта вось гэтыя мініяцюры займаюць самае высокае месца. Яны перакладаліся на шмат якія еўрапейскія мовы, і на польскую, канешне, але і на італьянскую, на ангельскую і на шмат якія іншыя еўрапейскія мовы.

РР: У тым выпадкі, які я згадаў, атрымалася электронна-акустычная сімфонія. А ў вашым выпадку гэта хутчэй аўдыя-кніга? Але тут таксама ёсць музыка.

Міхась Андрасюк: Я б не забываў яшчэ пра аднаго суаўтара гэтага дыску – гэта Адам Андрышчык, які менавіта ствараў гэтую музыку. Вельмі цікавы чалавек. Жыве ў Саколцы, але паходзіць увогуле не з Беласточчыны. У яго дачынне да беларускай культуры, канешне, ёсць, бо ён ужо добрых пару гадоў жыве ў Саколцы. Але ў яго ёсць бачанне сваёй музыкі. Ён вядомы музыка, вядомы бард, паэт. У мяне першая канцэпцыя была такая, што мушу недзе шукаць нашую беларускую традыцыйную музыку, з нейкім фальклорным ухілам. Але калі я паслухаў ягоныя прапановы, я сказаў, што гэтая музыка будзе тут абсалютна дарэчы. Яна падкрэслівае своеасаблівае месца Сакрата Яновіча ў беларускай літарауры ў Польшчы. Бо гэтае месца непаўторнае. У Сакрата свая фраза. І гэтая музыка падкрэслівае гэтую сакратавую фразу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Гутарыў Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы