Пабачыў свет чарговы нумар альманаха „Новы Замак”



24-га сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця а 18-00 гадзіне пройдзе прэзентацыя чарговага, пятага, літаратурнага альманаха „Новы Замак”. Яго выдаюць  сябры гарадзенскай філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Яго рэдактар Сяргей Астравец, цалкам усцешаны з вынікаў працы над выпускам альманахаў на працягу ўсіх чатырох гадоў: 

– Калі скласці ўсе нумары, то атрымаецца 1154 старонкі. Пераважна друкуюцца тыя аўтары, што і пастаянна, і хто хоча друкавацца. Канешне, з’яўляюцца і новыя імёны, тыя, хто лічыць альманах сваім. У нас жа няма ніякіх ганарараў. Таму для мяне каштоўна і тое, што людзі, якія пастаянна друкуюцца, робяць гэта бясплатна.

У пятым нумары будуць некаторыя новыя імёны. Як стала вядома, да працы выдання далучыўся гарадзенскі літаратар Віктар Варанец. Яго апавяданні пра Фару Вітаўта і Стэфана Баторыя ідэальна ўпісаліся ў канцэпцыю „Новага Замка”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня