Пабачыў свет каталог тэстамэнтаў XVI–XVIII стст.
Каталог тэстамэнтаў жыхароў Берасця і Гародні XVI – пачатак XVIII стагоддзяў выйшаў у польскім выдавецтве SEMPER. Аўтарка каталога – гарадзенскі гісторык Наталля Сліж, якая пяць гадоў працавала над гэтымі каштоўнымі гістарычнымі дакументамі.
Паводле аўтаркі, гэты каталог дае ўяўленні пра мяшчанскі быт Вялікага княства Літоўскага названага перыяду.
– Па гісторыі маёмасці, па гісторыі рэлігіі, ментальнасці, па гісторыі штодзённасці. І я ўжо не кажу, што сямейная гісторыя прадстаўлена найлепшым чынам, бо часам узгадваецца першы сужэнец, другі і г.д., дзеці. Таму гэта вельмі каштоўныя дакументы для вывучэння.
Галоўная задача напісання тэстамэнту як у часы ВКЛ, так і цяпер, – гэта пазбыцца ўнутрысямейных канфліктаў пасля смерці яго старэйшага чальца.
У час напісання кнігі, працуючы ў Берліне, Наталля Сліж зрабіла цікавае адкрыццё. Была выяўлена пячатка Гародні, якая датавана 1500-ым годам. Гэта найбольш ранняя гербавая пячатка горада пасля атрымання ім Магдэбургскага права. Пра гэта апублікавана ў каталозе, кажа аўтарка.
– Прадмова мае яшчэ характарыстыку Гародні, і я вырашыла ўставіць гэтую інфармацыю. Калі гарадзенскі магістрат напісаў ліст у Прусію па розных маёмасных справах, якраз гэты ліст замацаваны гарадзенскай пячаткай 1500 года. Што гэта азначае? Што з наданнем Магдэбургскага права Гародня ўжо мела пячатку. Тое, што яно не было напісана ў прывілеі, не азначае, што гэтага не было.
Атрымліваецца, што герб з аленем Гародня мела яшчэ да каралевы Боны. Тэстамэнты, якія склалі аснову каталога тэстамэнтаў жыхароў Берасця і Гародні ад XVI да пачатку XVIII стагоддзя, цяпер зберагаюцца ў розных архівах: у Менску, Варшаве, Вільні, Кракаве.
Якуб Cушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара