Пабачыў свет новы нумар часопіса «Верасень»



Выйшаў з друку дваццаць другі нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень».

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Мілады Паўлавай, Вікторыі Смолкі, Кацярыны Массэ, Кацярыны Ваданосавай, Міколы Кандратава, Тамары Аўсяннікавай і Эдуарда Акуліна.

Раздзел «Проза» складаюць апавяданні Уладзіміра Шыпілы, Сяргея Белаяра, Зміцера Дзядзенкі, Лявона Валасюка, Паўла Ляхновіча і Вінцэся Мудрова.

У раздзеле «Пераклады» друкуюцца вершы ўкраінскіх паэтаў Русланы Мельнічук і Міхайлы Сідаржэўскага.

Раздзел «Крытыка» пачынаецца артыкулам Сяргея Панізьніка «Хамутоў не зналі коні продкаў», прысвечаным 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Аб волі і нядолі, аб шчасці і горы, аб палітыцы і літаратуры — гутарка Эдуарда Акуліна з пяціразовым намінантам на Нобелеўскую прэмію міра Алесем Бяляцкім.

Пра жыццёвыя перапетыі землякоў — нататкі з новай кнігі «Антанёва» друкуе Ала Петрушкевіч. Пра вытокі беларукай народнай і бардаўскай песні разважае ў гутарцы з «Вераснем» вядомы бард, кіраўнік Народнага гурта «Пліса» Кастусь Герашчанка. «Пра лёс беларуса, які нікога не баяўся» — аднайменны артыкул Сяргея Чыгрына. «Пра неба Шагала… Пра ўлюбёныя колеры і ўлюбёныя гарады… Пра вечнае і чалавечнае» дзеліцца сваімі думкамі выбітны віцебскі мастак Эдвард Галустаў.

Працягвае знаёміць чытачоў з народнымі шэдэўрамі Веткаўшчыны паэт і фалькларыст Генадзь Лапацін. Аналізуе літаратурныя і фізіялагічныя адметнасці новай кнігі Уладзіміра Сіўчыкава «Пацалаваць Фідэля» Васіль Жуковіч. Памяці Эдуарда Дубянецкага прысвечана публікацыя «Беларускі паэтычны акіян». Заканчваецца часопіс рэцэнзіяй Анатоля Трафімчыка на кнігу Людмілы Шчэрбы «Я пакідаю сонца тут…»

Мастацкае афармленне і вокладку нумара падрыхтавала Валерыя Праслава. Ілюстрацыі Эдварда Галустава.

budzma.by