Пабачыў свет першы гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў



Цэнтр беларускіх студыяў адзначыў сваё паўгоддзе. Выкладчыкі, якім з-за ідэалагічных прычынаў было забаронена выкладаць ва ўніверсітэтах Беларусі, дзякуючы падтрымцы польскага ўраду і ініцыятыве Студыюм Усходняй Еўропы змаглі стварыць сваю адзінку ў Варшаўскім універсітэце.  З большага гісторыкі, але не толькі, апроч выкладання, навукоўцы ўжо паспелі выдаць першы нумар гадавіка Цэнтра. Рэдактар выдання Генадзь Семянчук зазначае, што публікацыя ахоплівае абсалютна розныя гістарычныя перыяды:

— Першы нумар новага беларускага перыёдыка які мае поўную назву «Гадавік цэнтра беларускіх студыяў» утрымлівае  сабе 12 навуковых артыкулаў якраз сяброў гэтага цэнтра. Кожны з аўтараў прэзентуе свае уласныя накірункі даследаванняў, таму храналагічна ахоплівае час ад другой паловы першага тысячагоддзя нашай эры і заканчваючы сучаснасцю. Сярод атараў не толькі гісторыкі: юрыст і сацыёлагі.

Выкладчык Цэнтра прафесар Святлана Куль-Сяльвестрава дадае, што гадавік — гэта зборнік канцэптуальных працаў, у адрозненні ад іншай універсітэцкай перыёдыкі ў Беларусі:

— Добра, што ёсць веснікі Гарадзенскага універсітэта, Магілёўскага, Віцебскага універсітэтаў і так далей, але ёсць адзін мінус — малы абсяг. Колькасць асобнікаў выдання невялікая. Яны прызначаныя для невялікай колькасці людзей. Вельмі многа аспіранцкіх публікацыяў, гэта я ведаю па весніку Гарадзенскага універсітэта. Што тычыцца нашага гадавіка, дык у нас працэнт дактароў навук для такога выдання высокі, і гэта  статус. Гэта работы адмыслоўцаў і прафесіяналаў у сваёй галіне, тых, хто фармуе канцэптуальна нават гісторыю ці этналогію Беларусі.

Выкладчыкі Цэнтра Беларускіх Студыяў спадзяюцца, што іх гадавік разыдзецца па Беларусі і ў тым ліку з’явіцца ў бібліятэках. Таксама рэдактар выдання Генадзь Семянчук мяркуе, што публікацыя ў сваю чаргу можа справакаваць беларускія ВНУ да большай актыўнасці, што паспрыяе якаснай канкурэнцыі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота: Твой Стыль