Пабачыў свет “польскі” нумар часопіса “Мастацтва”
У Беларусі выйшаў з друку “польскі” нумар часопіса “Мастацтва”, падрыхтаваны ў супрацы з Польскім інстытутам у Менску.
Распавядае галоўная рэдактарка выдання Алена Каваленка:
– Гэты нумар з нагоды 25-годдзя дзейнасці Польскага інстытута ў Менску, але гэты нумар знарок без урачыстых інтанацый, то бок гэта не нейкая цукровая апалогія сучаснай польскай культуры. Чаму так? Мне вельмі даспадобы слова мастака Маўрыцыя Каталана, які кажа, што абавязак мастака – гэта нюансы, і нельга нічога спрашчаць, а варта імкнуцца паказваць супярэчанні, працаваць з гэтымі супярэчаннямі, інакш атрымліваецца, сапраўды, прапаганда і рэклама, а для мастацтва гэта смерць.
Цяперашні “польскі” нумар не першы ў гісторыі часопіса “Мастацтва”. Летась таксама ў супрацы з Польскім інстытутам у Менску пабачыў свет нумар, цалкам прысвечаны сучаснаму стану польскага мастацтва.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск