Пачаў выходзіць краязнаўчы часопіс „Паазер’е”
На Глыбоччыне выйшаў першы рэгіянальны краязнаўчы часопіс „Паазер’е”. Яго стварылі мясцовыя журналісты і краязнаўцы на аматарскіх пачатках пры падтрымцы вядомага грамадскага дзеяча і выдаўца з Паставаў Міхася Гіля. У ім змяшчаюцца гістарычныя і краязнаўчыя матэрыялы так званага заходняга Паазер’я.
Паводле тэхнічнага рэдактара і ідэйнага натхняльніка стварэння часопіса “Паазер’е” Леаніда Юрыка, ідэя ўзнікла ўжо даўно, але доўгі час не ўвасаблялася ў жыццё:
– Такая падзея, як часопіс „Наша гісторыя”, які выдае „Наша Ніва”, падштурхнула нас да гэтай працы. Шмат матэрыялаў з’яўляецца на сайтах, шмат людзей займаецца гэтым, але гэта не было абагулена. Людзі змогуць змяшчаць свае матэрыялы, каб нейкім чынам гэта захавалася.
Наклад краязнаўчага часопіса “Паазер’е” складае 60 асобнікаў. Глыбачане плануюць выдаваць яго адзін раз на месяц. Да друку абяцаюць прымаць матэрыялы ўсіх зацікаўленых гісторыкаў і краязнаўцаў, нават з іншых рэгіёнаў.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя