Пачаўся новы набор у Школу маладога пісьменніка
Саюз беларускіх пісьменнікаў аб’явіў чарговы набор навучэнцаў у Школу маладога пісьменніка, якую ён заснаваў тры гады таму. Заняткі будуць праходзіць у Менску з пачатку лістапада па травень два разы на месяц, арыентыровачна ў суботу. Навучанне ў школе бясплатнае.
Кажа каардынатар школы Алена Казлова:
– Верагодна, мы будзем спрабаваць паўтарыць наш досвед з мінулага года. Магчыма, штосьці будзе мяняцца. У нашай праграме прадугледжаны лекцыі і майстар-класы запрошаных аўтараў і выкладчыкаў. Мы заўсёды спрабуем падабраць цікавых выкладчыкаў, але тут многае залежыць і ад іх магчымасцяў.
Для падачы заяўкі кандыдату на залічэнне ў школу неабходна даслаць свой уласны празаічны мастацкі тэкст любога жанру аб’ёмам 2-5 старонак, а таксама матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце вучыцца ў пісьменніцкай школе. Заяўкі прымаюцца па электроннай пошце да 26 кастрычніка на адрас сайта Саюза беларускіх пісьменнікаў [email protected].
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота lit-bel.org