Пачаўся прыём прац на фотаконкурс імя Луізы Бойд



Захаваць і папулярызаваць беларускае Палессе. Пачаўся прыём прац на Першы фотаконкурс імя Луізы Арнер Бойд.

Вядомая амерыканская даследчыца ўвосень 1934 года правяла экспедыцыю па Палессі. У выніку з’явілася больш за 700 здымкаў і нататак амерыканкі пра жыццё палешукоў. Так ЗША і краіны Заходняй Еўропы адкрылі для сябе краіну багнаў.

Ініцыятыва палескага фотаконкурсу належыць Інфармацыйна-асветніцкай установе „Інстытуцыйнага развіцця”, якая другі год запар займаецца дэталёвым вывучэннем беларускай спадчыны Луізы Арнер Бойд.

Каардынатар фотаконкурса Ігар Салавей упэўнены, што ідэю падтрымае шмат грамадзян:

– Мы ўпэўнены, што жыхары Берасцейшчыны і Гомельшчыны возьмуць актыўны ўдзел у фотаконкурсе імя Луізы Бойд. Правіламі конкурсу і дадатковую інфармацыю можна знайсці на нашым афіцыйным сайце. Пераможцаў конкурсу чакаюць годныя прызы. Плануем, што гэты конкурс стане штогадовым і своеасаблівым брэндам палескага краю.

Прыём прац будзе ажыццяўляцца па 10 лістапада, пасля плануецца выданне каталога фотаконкурсу і правядзенне выставы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя