Пачаўся прыём заявак на прэмію „Дэбют”



Стартуе новы сезон літаратурнай прэміі „Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую дэбютную папяровую ці электронную кнігу на беларускай мове. 

“Дэбют” уганароўвае маладых аўтараў, што пішуць у жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч, і ўручаецца ў намінацыях “Проза”, “Паэзія”, “Мастацкі пераклад”.

Для ўдзелу ў конкурсе да 31 студзеня 2019 году неабходна: – запоўніць адмысловую форму; – даслаць на [email protected] электронную версію кнігі з тэмай „Дэбют”; – перадаць або даслаць на офіс Беларускага ПЭН-цэнтра (220005, Мінск, вул. Залатая Горка, 2-101) 2 асобнікі, калі яна выходзіла ў папяровым варыянце.

Да разгляду прымаюцца дэбютныя кнігі, напісаныя на беларускай мове ці перакладзеныя на яе (намінацыя „Мастацкі пераклад”). Узрост аўтара або перакладчыка — да 35 гадоў на момант выдання.

Пераможца прэміі ў кожнай намінацыі атрымае ўзнагароду, эквівалентную 2000 даляраў. Таксама журы можа прыняць рашэнне пра ўручэнне заахвочвальных прызоў, эквівалентных 500 далярам. Колькасць заахвочвальных прызоў вызначаецца журы.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ўручаецца з 2011 года. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Глеб Лабадзенка, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Ганна Янкута, Кацярына Оаро, Дзмітры Дзмітрыеў, Кацярына Маціеўская, Аляксей Палачанскі, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач, Андрусь Горват, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева, Наталля Бінкевіч і інш.

Арганізатары прэміі: дабрачынны фонд “Вяртанне”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Паводле прэс-рэлізу