Пачаўся тэатральны фестываль «Белая вежа»
Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» адчыніў свае дзверы 11 верасня для жыхароў і гасцей города Берасце. Юбілейнае, ХХ па ліку тэатральнае спаборніцтва збірае вакол сябе больш за пяць тысяч гледачоў і 25 тэатральных пастановак. Першымі на “Белай вежы” будуць выступаць акцёры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага з Менска з пастаноўкай ’’Viva Commedia!’’. Мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кавальчык лічыць, што для менскіх акцёраў заўсёды станоўчым вопытам ёсць паказ сваёй працы па-за межамі ўласнага горада:
– Ужо тое, што мы прыехалі, што пакажам сваю працу, што берасцейская публіка нас любіць, і мы адчуваем гэта пасля кожнага выступу тут, будзе для нас важным крокам. Тым больш у Менску спектакль праходзіць вельмі цікава. Наша публіка не адразу адгукаецца на наш тэатр, успрымае яго вельмі асцярожна. Бо не прызвычаіліся да такога: выходзяць людзі ў масках і пачынаюць вельмі жыва весці дыялог. І таму спачатку ёсць пэўная насцярожанасць у гледача.
У фестывалі прымаюць удзел калектывы з такіх краінаў, як Беларусь, Украіна, Балгарыя, Польшча, Германія, Расея, Малдова, Арменія, Чэхія, Літва і інш.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота bk-brest.by