Пачаўся збор подпісаў супраць «антырэстаўрацыі» беларускіх цэркваў



На сайце Petitions.by пачаўся збор подпісаў супраць «антырэстаўрацыі» беларускіх цэркваў – змянення аўтэнтычнага выгляду асобных архітэктурных элементаў (у тым ліку помнікаў беларускага кавальства), выкарыстання недапушчальных пры рэстаўрацыі будаўнічых матэрыялаў і методык. Сабрана ўжо больш за 200 подпісаў.

У петыцыі пералічваюцца аб’екты, пацярпелыя ад «антырэстаўрацыі»: аб’ект міжнароднага значэння Успенскі сабор у Жыровічах (у якім прыбралі дэкаратыўныя элементы іканастасу і замянілі гістарычныя абразы на сучасныя, стылізаваныя пад расейскія), 16 помнікаў рэспубліканскага значэння сярод якіх (Траецкая царква ў Слоніме, Свята-Міхайлаўская ў Слуцку, Свята-Георгіеўская ў Валавелі.

На фота: Траецкая царква ў Слоніме.

Падпісанты петыцыі патрабуюць спыніць знішчэнне аўтэнтычнай беларускай архітэктуры і насаджэння чужародных элементаў. Патрабуюць правесці расследаванне і патлумачыць, як у прававой дзяржаве беспакарана можа змяняцца аблічча помнікаў рэспубліканскага значэння, хто за гэтым стаіць, ці робіцца гэта з дазволу Мінкультуры, і калі так, на якой падставе такія дазволы былі дадзены.

Петыцыя  будзе  накіраваная ў Міністэрства культуры і Генеральную пракуратуру.