Пачаўся збор сродкаў на музей Алеся Адамовіча



Улады Бабруйскага раёна адкрылі дабрачынны рахунак на стварэнне музея Алеся Адамовіча на радзіме пісьменніка ў вёсцы Глуша.

Як паведаміла начальнік раённага аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Галіна Чарнова, ініцыятарам стварэння музея стала дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, якую падтрымалі і мясцовыя жыхары.

Паводле яе слоў, музей плануецца размясціць у доме, дзе да вайны была аптэка, у якой працавала маці Алеся Адамовіча. У гады вайны драўляная хата была явачнай кватэрай партызан.

Будынак пабудаваны ў 1935 годзе і мае патрэбу ў грунтоўнай рэканструкцыі, адзначыла Чарнова. „Да таго ж да музея выстаўляюцца асаблівыя патрабаванні. Працу там трэба будзе вялізную правесці. Патрэбныя мільярды. Усё па сутнасці трэба пачынаць з нуля”, — сказала чыноўніца.

„Дачка Алеся Адамовіча зацікаўленая ў тым, каб была жывая памяць пра бацьку, бо ён пахаваны ў Глушы, там жа пахаваныя яго бацькі”, — заўважыла Чарнова. Паводле яе слоў, Наталля Адамовіч мае намер перадаць мноства экспанатаў у музей, якія і стануць асновай экспазіцыі.

Плануецца, што гэта будзе не толькі музей, прысвечаны пісьменніку, — у экспазіцыі будуць паказаныя і яго літаратурныя героі, прататыпамі якіх былі жыхары Глушы. Такім чынам, музей Алеся Адамовіча стане таксама музеем ваеннага летапісу тых месцаў.

Рэквізіты для пералічэння грошай: аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама. Разліковы рахунак 3642129272326 у філіяле 703 ААТ „ААБ „Беларусбанк”, код 706, Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу: „Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў п. Глуша пад музей А.Адамовіча”.

БелаПАН