Фестываль перформанса РenAtra(C)tion у Менску (абноўлена)



Сёння заключны дзень фестывалю перформанса РenAtra(C)tion, які адбываецца ў Менску, у Цэнтры сучаснага мастацтва. У ім бяруць удзел выключна беларускія перформары. Кажа адзін з арганізатараў фестывалю Ілля Сін:

– Толькі беларускія перформары. Мы нават не ставілі такой асаблівай мэты, каб запрасіць кагосьці з замежных аўтараў. І ўсё па прычыне таго, што ў нас і так свае, беларускія, перформары церпяць ад нястачы пляцовак і магчымасцей паказаць сваё мастацтва. І для нас прыярытэтным ёсць даць такую магчымасць беларускім аўтарам.

Сёння свае арт-праекты пакажуць такія вядомыя беларускія перформары, як Юрась Барысевіч, Юрка Дзівакоў, Вольга Рагавая і іншыя. Увечары, па заканчэнні ўсіх выступаў, адбудзецца дыскусія пра беларускі перформанс з удзельнікамі мінулых і цяперашняга фестываляў, у тым ліку з Ігарам Кашкурэвічам.

* * *

З 29 па 30 лістапада ў Менску, у Цэнтры сучаснага мастацтва, адбываецца фестываль перформанса РenAtra(C)tion. У ім возмуць удзел самыя вядомыя перформары Беларусі.

Кажа адзін з арганізатараў фестывалю – перформар і пісьменнік Ілля Сін:

– Мерапрыемства будзе праводзіцца ўжо ў пяты раз. Гэтым разам яно набыло фармат фестывалю, трошкі пашырыўшы свае звычайныя маштабы. Уласна кажучы, мэта вельмі простая – паказаць беларускі перформанс ва ўсёй ягонай разнастайнасці і саміх аўтараў, якія робяць нешта цікавае на гэтай ніве.

Сёлетні фестываль прысвечаны “ганаровым айцам” беларускага акцыянізму – Каралю Станіславу Радзівілу і Тадэвушу Рэйтану. Адметнасцю сёлетняга фестывалю стане ўдзел у ім эксперыментальных музычных праектаў такіх вядомых музыкаў як Улад Бубен, Віктар Сямашка і некаторых іншых.

058474046_n

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя