Пачынаецца новы сезон літаратурнах прэмій



14 чэрвеня завяршаецца прыём заявак на літаратурныя прэміі для прозы імя Ежы Гедройца, для паэзіі імя Наталлі Арсенневай і для перакладаў імя Карласа Шэрмана.

Пра новы сезон літаратурных прэмій кажа Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра:

– Па сутнасці ніякіх каардынальных зменаў не адбылося. Усё застаецца так, як было летась. Мы трошкі перапрацавалі статуты ўсіх прэмій, дакладней статуты некаторых прэмій, але перапрацоўка было не для таго, каб нейкія канцэптуальныя змены зафіксаваць, а проста каб уніфікаваць, таму што ў ПЭНе ўжо шмат прэмій, і хацелася, каб больш-менш аднастайнымі былі патрабаванні па гэтых прэміях.

Арганізатары літаратурных прэмій імя Наталлі Арсенневай, імя Ежы Гедройца і імя Карласа Шэрмана ўжо паведамілі склады журы. Таксама ўжо вядома і калі адбудзецца цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Ежы Гедройца – 25 верасня ў прасторы ZALA#2, што ў менскім Палацы мастацтваў.

Склад журы Прэміі Гедройца: 

Пятро Васючэнка, пісьменнік, літаратуразнаўца; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.

Склад журы Прэміі Арсенневай:

Міхал Бараноўскі – паэт, загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча; Марыяна Кіяноўская – паэтка, перакладчыца, крытык, літаратуразнаўца; Анжэла Мельнікава – літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца; Лера Сом – паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры; Дзмітры Строцаў – паэт, стваральнік альманаху “Минская школа”, арганізатар літаратурных мерапрыемстваў.

Склад журы Прэміі Шэрмана:

Марына Казлоўская – перакладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук; Ганна Янкута – перакладчыца, пісьменніца, кандыдат філалагічных навук; Ціхан Чарнякевіч – літаратуразнаўца, крытык, магістр філалагічных навук; Вера Бурлак – паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук; Кацярына Маціеўская – перакладчыца, магістр філалагічных навук.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя