Пад Бабруйскам знойдзены артэфакты, яны могуць стаць сенсацыяй



Дзве баявыя сякеры і падкова Х-ХII стагоддзяў – такі «ўлоў» бабруйскага фатографа і блогера Дзмітрыя Мякіна, які адправіўся на шпацыр ва ўрочышчы Белы Бераг і выявіў артэфакты.

Пошукавымі работамі бабруйчанін захапляецца два гады. Кажа, што да гэтага трапляліся толькі манеты. Але ў канцы верасня ён пры дапамозе металашукальніка выявіў старажытную баявую сякеру.

– Глыбіня раскопак была прыкладна 20-25 сантыметраў. Там жа я знайшоў падкову, – распавёў Дзмітрый.

Але на гэтым знаходкі не скончыліся. Па словах бабруйчаніна, ён патэлефанаваў знаёмаму і папрасіў, каб той на машыне забраў яго з урочышча.

– Пакуль я складаў у аўтамабіль абсталяванне, сябар прама ля кола выцягнуў з бруду яшчэ адну сякеру.

– Як мяркуецца, гэта баявыя сякеры, якія выкарыстоўваліся ў Кіеўскай Русі прыкладна ў Х-ХII стагоддзях.

Свае знаходкі Дзмітрый Мякін перадаў у Бабруйскі краязнаўчы музей. Дырэктарка ўстановы Наталля Арцёмчык пацвердзіла, што артэфакты атрыманы, але пакуль рабіць якія-небудзь высновы рана. Зараз, па яе словах, знаходкамі займаецца абласная камісія па вызначэнні археалагічных артэфактаў.

Паводле tut.by