Пад Берасцем гукалі вясну
На свята „Гуканне вясны”, якое праходзіла на поўдні ад Берасця, сабраліся людзі розных узростаў. Падобныя святы народнага календара адзначаюцца ў розных месцах, пра якія жадаючыя паўдзельнічаць даведваюцца з інтэрнэта.
Кажа кансультант на мерапрыемстве і краязнаўца Віктар Місіюк:
– Людзі самі хочуць, шукаюць нейкую магчымасць пабыць з прыродай, пабыць з традыцыяй. Камусьці шчасціць, хто мае такую кампанію, мае такіх знаёмых, якія адзначаюць, спяваюць вяснянкі, ладзяць традыцыйныя гульні, але вядома, што нам бракуе такога месца, дзе б можна было гэтую традыцыю культываваць рэгулярна.
„Гуканне вясны” – старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Яно традыцыйна суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсці, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму.
Беларускае Радыё Рацыя
