„Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавіччына ў 1939-1944 гг.”
Пабачыла свет кніга „Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавіччына ў 1939—1944 гг.”, падрыхтаваная выдавецтвам „ARCHE”.
Праца Аляксандра Бракеля становіць сабою адаптаваны да кніжнага выдання тэкст ягонай дысертацыі, абароненай у 2006 годзе ва універсітэце імя Ёгана Гутэнберга ў Майнцы. Праз колькі гадоў даследаванне выдалі ў добра вядомым у Нямеччыне і па-за ейнымі межамі акадэмічным выдавецтве „Ferdinand Schöningh”, а цяпер нарэшце яно даступнае і беларускаму чытачу.
У аснове публікацыі ляжыць аналіз дакументальных крыніц з 84 фондаў беларускіх, нямецкіх і польскіх архіваў. Увядзенне такога масіву дакументаў у навуковы зварот значна ўзбагачае беларускае гістарычнае крыніцазнаўства.
Як піша ва уступе да беларускага выдання вядомы вайсковы гісторык Сяргей Новікаў, „як для гісторыкаў-аматараў, так і для гісторыкаў-прафесіяналаў, якія даследуюць ваенную мінуўшчыну, гэтая праца стане настольнай кнігай. І яна, без усялякага сумневу, будзе служыць справе новага навуковага асэнсавання беларускіх падзеяў гісторыі Другой сусьветнай вайны”.
У кнізе апублікаваныя дзясяткі дакументаў і фотаздымкаў, частка з іх — упершыню.
У кнізе на прыкладзе Баранавіччыны даследуецца штодзённае жыццё ейных жыхароў. Хоць савецкія і нямецкія рэжымы вызнавалі адрозныя ідэалогіі, абодва яны былі людажэрскія. Як адныя, так і другія практыкавалі тэрор супраць мірнага насельніцтва ды імкнуліся вынішчыць цэлыя ягоныя групы. Саветы ажыццявілі пагалоўную дэпартацыю з рэгіёна польскіх вайсковых асаднікаў з сем’ямі, нацысты ж зганялі габрэяў у гета, каб неўзабаве пачаць іхную фізічную ліквідацыю. Нямецкая акупацыя прынесла значна больш чалавечых ахвяр, бо адбывалася ў варунках бязлітаснай вайны на знішчэньне, а пік кровапраліцця прыпаў на час, калі немцы адчулі пэрспектыву паразы ў гэтай вайне.