Пад Лідай ствараецца мемарыял невядомых паўстанцаў
Паміж вёскамі Мохавічы і Малое Ольжава, што на Лідчыне, падыходзіць да завяршэння пабудова народнага мемарыяла прысвечанага паўстанню 1863 года.
Сябры Партыі БНФ з Ліды і Бярозаўкі правялі чарговую талаку на месцы пахавання невядомых паўстанцаў. Яны ўмацавалі ўсталяваны раней каменны манумент і аздобілі яго сімвалічнай зброяй паўстання – косамі і віламі. Мемарыял ствараецца агульнымі высілкамі і за грамадскія сродкі, што сведчыць пра тое, што ён сапраўды – народны.
Гаворыць кіраўнік Лідскай раённай суполкі Партыі БНФ Сяргей Пантус:
– Раней рэгулярна з Белагруды ксёндз служыў тут службу ў памяць пра загінулых і пахаваных на гэтым поле. Прыязджала шмат людзей, бывалі вядомыя людзі – пісьменнікі, якія чыталі вершы прысвечаныя паўстанцам. Апошнія тры гады мы прыязджалі сваёй кампаніяй, ставілі свечкі, маліліся. Спадзяемся, што ў гэтым годзе ўрэшце зноў дадуць дазвол, тым больш у гэтым годзе дарабілі гэты помнік. Зрэшты, гэта было б годна з боку кіраўніцтва раёна.
За працу па стварэнні народнага мемарыяла „Крыжы”, грамадская супольнасць Лідчыны, была адзначана ў 2017 годзе прэміяй імя Віктара Сырыцы.
Памятныя мерапрыемствы на месцы пахавання паўстанцаў запланаваныя на 29 ліпеня.
[Not a valid template]
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя