Пад Менскам прайшоў этна-фестываль „Камяніца”
У музеі культуры і побыту пад Менскам прайшоў дзявяты па ліку этна-фестываль „Камяніца”.
Музычная праграма праходзіла на некалькіх сцэнах: малая сцэна была прысвечаная аўтэнтычнаму фальклёру, а на галоўнай выступалі гурты, якія граюць пераважна пост-фольк.
„Гэта, напэўна, адзіны фэст, які можна назваць фальклёрным. У параўнанні з папяэднімі фестывалямі, у гэтым годзе я бачу нашмат менш людзей у нацыянальных строях. Магчыма гэта звязана з тым, што людзям у строях не давалі бясплатны квіток. Я вельмі чакала выступа гурта Onuka, упершыню маю магчымасць пачуць іх на ўласныя вушы”, – кажа удзельніца гурта „Мярэжа” Святалана Чакушка.
Апроч гэтага ў будынку царквы прайшоў канцэрт „Аўтэнтычныя спевы Палесся”, дзе прагучалі песні ў выкананні сапраўдных жыхароў рэгіёна.
„Для мяне хэдлайнеры гэтага года – удзельнікі з Палесся. Дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі з вёскі Вулька Драгічынскага раёна і гурт „Чабатухі” з вёскі Сташаны Пінскага раёна. Гэта ўнікальная магчымасць пачуць жывое выкананне гэтых спеваў„, – адзначае Сяржук Доўгушаў.
Для наведвальнікаў быў таксама арганізаваны вялікі кірмаш народных промыслаў, майстар-класы рамеснікаў, выставы мастакоў і фатографаў. Асобна працавалі забаўляльныя пляцоўкі з традыцыйнымі гульнямі для дзяцей і дарослых.
Завершыў фестываль выступ украінскага гурта Onuka.
Прысутныя так і не змаглі пачуць беларускі гурта Shuma, які быў заяўлены адным з хэдлайнераў. Па словах арганізатараў, меліся тэхнічныя праблемы.
Адметнасць Камяніцы таксама і ў тым, што ўсе грошы ад квіткоў ідуць на рахунак музея, дапамагаючы захоўваць унікальную калекцыю беларускай драўлянай архітэктуры.
Падрабязней у далучаным файле:
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск.