“Пад сузор’ем Стральца” – літаратурна-музычны вечар паэткі



“Пад сузор’ем Стральца” – літаратурна-музычны вечар паэткі Людмілы Ардынскай прайшоў у Шаркоўшчыне. Ён ладзіўся ў Цэнтры дзённага прабывання грамадзян сталага ўзросту пры падтрымцы работнікаў аддзела культуры Шаркоўшчынскага райвыканкама.

 

У імпрэзе ўдзельнічалі народныя, аматарскія і ўзорныя калектывы раёна, навучэнцы школ і творчыя сябры Людмілы Ардынскай. Яны чыталі вершы і гумарыстычныя байкі паэткі, спявалі песні на яе словы і ставілі спектакль на п’есу “Гануліны клопаты”.

Як кажа Людміла Ардынская, яна ўдзячная кожнаму, хто прыйшоў яе падтрымаць. Яна нават і не чакала ўбачыць такую колькасць людзей.

– Вельмі цёпла прынялі ўсю маю творчасць, якая была прадстаўлена работнікамі нашых культурных устаноў раёна. Гэта былі і з сельскіх дамоў культуры, і з раённага Цэнтра культуры. Гэта былі і настаўнікі, гэта былі і дзіцячыя калектывы Радзюкоўскай школы. І „Маленькая фея” – вядомы ў Шаркоўшчыне калектыў узорнай эстраднай песні ў нацыянальных, прыгожых касцюмах. Спявалі песні на беларускай мове. Усе песні былі на мае словы і на музыку нашых самадзейных кампазітараў, як з Шаркоўшчыны, так і з Глыбокага.

Падчас імпрэзы гучалі ў асноўным вершы і спевы на прыгожай беларускай мове. Паводле ўдзельнікаў і наведвальнікаў мерапрыемства, творчы вечар Людмілы Ардынскай атрымаўся насычаным і запамінальным. Людміла Ардынская – сябра народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. У яе выйшла ўжо адзінаццаць асобных і калектыўных зборнікаў твораў. На вершы паэткі выконваюць песні музыкі Шаркоўшчынскага, Глыбоцкага, Полацкага ды іншых раёнаў Віцебскай вобласці.

Таццяна Смоткіна

Фота аўтаркі