Пад Валожынам пройдзе фестываль-рэканструкцыя «Залатая шпора 1812»
Фестывалі сярэднявечнай культуры паспелі арганічна ўліцца ў жыццё беларуса. Сёння мала хто здзівіцца ад выгляду рыцарскага шалома ці цяжкай кальчугі. А вось эпоха ХІХ стагоддзя дагэтуль застаецца закрытай. Рэканструктарскі клуб «Залатая шпора» займаецца вяртаннем спадчыны перыяду Напалеонаўскіх войнаў. — Неадназначнага і супярэчлівага, але шыкоўнага і багатага на падзеі часу. Аб’яднаньне ўжо паспела адзначыцца шэрагам тэматычных баляў і гэтым разам рыхтуе ўнікальнае мерапрыемства.
«Клуб «Залатая шпора» ладзіць унікальны фестываль па Напалеонаўскай эпосе,» – гаворыць выкладчык танцавальнай студыі «Balance» Ірына Баслык:
— Вялікі двухдзённы інтэрактыўны — будзе шмат чаго цікавага. Апроч самога балу, які адбудзецца ўвечары 18 чэрвеня, будуць спаборніцтвы па джыгітоўцы, цікавыя кавалерыйскія манеўры, будзе гранд-баталія, розныя інтэрактывы з гледачамі: рэкруцкія наборы і ўсялякія гульні.
«Цягам двух дзён можна будзе адчуць подых эпохі ХІХ стагоддзя,» — дадала Ірына Баслык. Гасцей фэсту, які адбудзецца ў сядзібе «Залатая Шпора» чакае насычаная праграма. Арганізатары запрашаюць на фестываль не толькі ўдзельнікаў рэканструктарскіх клубаў, але і ўсіх ахвотных. Уваходны квіток каштуе 100 тысяч. Фестываль пройдзе 18-19 чэрвеня.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sb.by