„Пад зоркай Максіма Багдановіча”
У Гародні прайшло культурніцкае мерапрыемства „Пад зоркай Максіма Багдановіча”.
У актавай залі сабраліся аматары паэзіі, а таксама навучэнцы „Універсітэта Залатога Веку”, якія на працягу года слухалі курс дацэнта Алы Петрушкевіч „Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах”.
Прагучалі дзве новыя песьні на словы Багдановіча ў выкананні Вольгі Калмаковай:
– Гэтыя вершы, на мой погляд. зусім розныя і па свайму зместу, і па эмацыянальнай афарбоўцы. Першы верш называецца “Цемень”. Я думаю, што гэта філасофскі роздум над чалавечым жыццём, якое для Максіма Багдановіча сапраўды бліснула яркай маланкай і хутка абарвалася.
Сёлетнія ўгодкі смерці выбітнага паэта сталі штуршком да напісання новых песень. Але яшчэ больш гэты юбілей паўплываў на стварэнне вершаў прысвечаных Багдановічу, кажа гарадзенскі паэт Анатоль Брусевіч:
– Для мяне Максім Багдановіч – гэта самы першы паэт, паколькі з гэтым паэтам звязана перш за ўсё гарадзенская літаратура. Таксама Данута Бічэль-Загенатва, якая стварыла Музей Максіма Багдановіча, у які ў канцы 80-х пачатку 90-х хадзілі школьнікі, і я ў тым ліку. З музея вырасла ўся сучасная гарадзенская літаратура, таму для мяне імя Максіма Багдановіча вельмі важнае, вельмі знакавае, яго постаць больш чым асоба – гэта своеасаблівы сімвал.
На вечарыне верш „Зорка Венера” прагучаў на дзевяці мовах з вуснаў навучэнцаў „Універсітэта Залатога Веку”.
Выступіў хор „Узвышша” ды прафесар Аляксей Пяткевіч, які распавёў пра Багдановіча.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня