«Падарожжа дылетанта» вяртаецца да гледача ў абноўленым фармаце



У Менску адбыўся першы паказ перадачы Юры Жыгамонта «Падарожжа дылетанта» у новым фармаце. З гэтага года яна будзе выходзіць двойчы ў месяц на партале TUT.by.

«Зменаў некалькі. Па-першае, Юры Жыгамонт выправіўся ў падарожжы па-за межамі Беларусі —першыя два выпускі, прысвечаныя Францыску Скарыне, зняты ў Празе. Па-другое, інтэрнэт пашырае аўдыторыю перадачы, далучае да яе новае пакаленне, якое не глядзіць тэлевізіі ўвогуле», — зазначае галоўны рэдактар парталу TUT.by Марына Золатава:

— Сапраўды каштоўна тое, што акрамя старэнькага Гарызонта і ўжо новых тэлевізараў з’яўляецца магчымасць паглядзець «Падарожжа дылетанта» таксама і ў інтэрнэце, бо новае пакаленне гэта людзі, якія часам увогуле не глядзяць тэлебачання, яны ўвесь відэа-кантэнт глядзяць у інтэрнэце. І мы цяпер даем ім такую магчымасць.

Юры Жыгамонт намякае, што адной Прагай не абыдзецца, бо беларусы пакінулі свой след шмат у якіх кутках свету.

— І па такіх вось мясцінах, дзе бывалі нашы беларусы, мы збіраемся працягваць. Шмат яшчэ дзе беларусы былі: у Чылі, напрыклад, Ігнат Дамейка. Я не выключаю, што пабываю там. Думаю, што гэты праект не тое што пачаўся ды скончыўся, ён ужо столкі гадоў ідзе, што ён будзе працягвацца.

Акрамя таго, мабільны аператар Velcom, які фундуе здымкі перадачы разам з TUT.by, будзе размяшчаць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках розныя цікавосткі кшталту рабочых момантаў і кадраў, што не патрапяць у версію да паказу.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by