„Падарожжы па родных мясцінах” Аляксандра Місцюкевіча
Кніга Аляксандра Місцюкевіча „Падарожжы па родных мясцінах” выйшла ў Гародні. Грамадскі актывіст, краязнаўца, шматгадовы кіраўнік абласной рады Таварыства беларускай мовы восем гадоў збіраў матэрыялы пра гісторыю сваёй малой радзімы, вёскі Піронім на Слонімшчыне, на працягу чатырох стагоддзяў.
Праца мела для аўтара перадусім унутраную патрэбу – даведацца пра ўласны род, а пасля – пра родныя мясціны.
– Калі я залез у архіў, то прачытаў, што суконная фабрыка ў маёнку Піронім выпускала сукно і фланель. Для мяне цікавым адкрыццём было тое, што ў маіх продкаў было шмат дзяцей: у аднаго майго прапрадзеда было 3 сыноў і дачка, у другога – 4 сыноў і дачка. Ну, і іншая справа – людзі жылі на зямлі. А пасля 1963 года зямля дзялілася, таму яе было мала. Так мае продкі пачалі аддаваць дзяцей вучыцца.
Згадваюцца ў кнізе вёскі Піронім, Львоўшчына, Ісаевічы, Дзераўная. Кніга ўтрымлівае базу спасылак з крыніцаў, з якімі працаваў Аляксандр Місцюкевіч. Выданне ажыццявіла фірма „ЮрСаПрынт” за асабісты кошт аўтара.
Гэта праца – добры ўнёсак для краязнаўцаў, якія вывучаюць гісторыю Гарадзеншчыны.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня