Падарунак ад вольных купалаўцаў – аўдыёспэктакль «1984»
У спакойнай атмасферы святаў – можна паслухаць Оруэла. Незалежная тэатральная група «Купалаўцы», якая складаецца з былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы на сваім ютуб-канале прэзентавала — аўдыёспэктакль паводле раману Джорджа Оруэла «1984». Тры часткі – апошняя выйшла напярэдадні святаў. Праект ствараўся больш за паўгода, кажа акторка Крысціна Дробыш, якая супольна з Алегам Гарбузам – тут выступіла рэжысёрам і рэдактарам запісу. «Доўга працавалі, планавалі выпусціць раней, але зараз прыйшоў яго час» – кажа яна.
– Патрабавалася такая пільная праца над ім, бо яна дужа адказная для нас была. Мы даўно насілі гэтую думку, але было складана наважыцца. Такая глыба, мы разумелі, што ўзяць яе – ўзяць вялікую адказнасць на сябе. Мы напэўна не былі гатовыя, але да нас звярнуўся адзін з нашых гледачоў, прыхілнікаў тэатра, які прапанаваў зрабіць гэта супольна. І мы зразумелі, напэўна, гэта і ёсць той самы штуршок – трэба рабіць.
Пераклад раману на беларускую мову зрабіў Сяргей Шупа. Гэта ўжо другая версія раману Джорджа Оруэла на беларускай мове ў аўдыёфармаце. Ён даступны на ютуб-канале «Купалаўцаў».
Беларускае Радыё Рацыя