Падарункі да Калядаў з беларускай нацыянальнай тэматыкай
7 снежня ў Гародні ўжо мае быць падключана ілюмінацыя калядных елак на галоўных пляцах абласнога цэнтра. Перадкалядны сезон прыйшоў і ў Беларусь. Сярод безлічы клопатаў і хвалюючых чаканняў гібрыднага аншлюсу Беларусі Расеяй ёсць месца надзеі на шчаслівыя Каляды. У гэтым могуць дапамагчы падарункі, зробленыя беларускімі майстрамі, і якія прэзентуюцца ў крамах з беларускім характарам.
Кажа прадавачка Кацярына з крамы «Лёля», што на Вялікай Траецкай:
– Мы гатовыя прапанаваць керамічныя і з іншых матэрыялаў вырабы на тэму Калядаў: і анёлкі ў нас, ёсць керамічныя анёлкі, у выглядзе анёлкаў розных майстроў. Ад 10 рублёў прыкладна званочкі-анёлы і вышэй. Таксама вырабы з саломкі розных майстроў у нас ёсць: вяночкі, званочкі, упрыгожванні на елку. На паліцы мы бачым елачкі з саломы.
Наша крама ўжо ўпрыгожаная да святаў, упрыгожылі елку вырабамі нашых майстроў.
Ёлачныя ўпрыгожанні з адмысловымі беларускімі тэмамі, і галоўнае – усе яны ручной працы, а значыць такія, якія не паўтараюцца больш ні ў каго, прапануе крама «Адметнасць», што на рагу вуліцаў Кірава і Гараднічанскай Гародні.
Кажа ўласнік Сяргей Верамеенка:
– Маем сурвэткі з каляднай вышыўкай. Гэта можа быць вельмі добрым аздабленнем падчас навагодняга ці каляднага стала, ці проста для якога-небудзь піцця гарбаты. У нас ёсць яшчэ паштоўкі. Паштоўка можа быць цудоўным аздабленнем любога падарунка, які можна набыць. Запрашаю не цягнуць, канешне, з падарункамі, таму што, чым бліжэй у нас свята, тым большы з’яўляецца попыт.
Па жаданні пакупніка ўласнікі сувенірных крамаў «Адметнасць», «Лёля» могуць не толькі дапамагчы падабраць падарунак з беларускай нацыянальнай тэматыкай, але і спакаваць падарунак пад калядную елку.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя