Падчас канцэрту Сяржука Сокалава-Воюша сабралі 1860 даляраў для параненых украінцаў
У суботу, 14 лютага, у Нью-Ёрку адбыўся дабрачынны канцэрт, ладжаны Беларуска-Амерыканскім Згуртаваннем “Пагоня”. На канцэрце, увесь збор сродкаў ад якога пойдзе на параненых украінскіх жаўнераў, выступіў паэт, сьпявак і музыка Сяржук Сокалаў-Воюш. Слынны бард выканаў свае знакамітыя песні, такія як “Аксамітны летні вечар”, “Верны конь”, “Ніколі”, “Маналёг Случчака”, так і пазнейшыя творы, такія як “Песні Лісоўчыкаў”, “Майдан”, і зусім новыя. Прагучалі таксама ўкраінскія песні. Сокалаў-Воюш праводзіў свой канцэрт у вельмі інфарматыўным і цікавым фармаце, перамяжаючы спевы пад гітару аповядамі з асабістага досведу пра розныя прыклады супрацы беларусаў і ўкраінцаў. На прыканцы прысутныя разам запяялі беларускі і ўкраінскі нацыянальныя гімны—“Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і “Шчэ ня ўмёрла Украіна”.
На канцэрце было сабрана 1860 даляраў. Гэтая сродкі пойдуць на пратэзы для цяжка параненых украінскіх патрыётаў. Асабліва дапамаглі ў правядзенні імпрэзы спадарства Сяржук Сокалаў-Воюш і Ганна Бартуль ды іхныя сыны – Святавіт і Славамір, а таксама Пётар і Алена Рыжыя, Марат Клакоцкі, Валянціна Якімовіч, Віктар Едзіновіч. Віктар Дудараў рабіў відэа і фотаздымкі імпрэзы.