Падмурак храма XVI ст. знайшлі на раскопках у Лаўрышаве



Падмурак манастырскага храма XVI стагоддзя знайшлі на раскопках у Лаўрышаве Наваградскага раёна.

Удзельнікі валанцёрскага гісторыка-пошукавага лагера пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры (Наваградскі раён Гарадзенскай вобласці) знайшлі каменны падмурак старадаўняга манастырскага храма. Паводле папярэдніх высноваў, ён адносіцца да XVI стагоддзя, паведаміў БелаПАН кіраўнік лагера гісторык Тэльман Маслюкоў.

Падмурак быў знойдзены валанцёрамі ў вёсцы Лаўрышава пры расчыстцы ад зараснікаў старых вясковых могілак, якія першапачаткова былі манастырскімі. „Цалкам захаваліся ганак, контур прытвора, асноўнага памяшкання і алтарнай часткі. Усё выкладзена з валуннага каменя, які змацаваны вапнавым растворам, без прымянення цэглы — верагодна, падчас будаўніцтва яна ў гэтай мясцовасці яшчэ была недаступнай. Капітальны падмурак быў разлічаны на высокую драўляную царкву даўжынёй больш за 12 метраў і шырынёй каля шасці”, — сказаў кіраўнік лагера.

Царква належала Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру — аднаму з самых старадаўніх у Беларусі. Ён быў заснаваны ў XIII стагоддзі вялікім князем Вялікага княства Літоўскага Войшалкам і прападобным ігуменам Елісеем Лаўрышаўскім. Найбольш верагодны час, да якога належыць падмурак, — XVI стагоддзе, калі манастыр дасягнуў найвышэйшага росквіту і ў дакументальных звестках названы лаўрай. У 1836 годзе манастыр быў зачынены, адноўлены ў 2007 годзе.

Лагер пры манастыры працаваў у другой палове ліпеня, тут добраахвотна працавалі студэнты і старшакласнікі, многія з якіх у папярэднія гады ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках у Лаўрышаве. Мяркуецца, што ў наступным годзе на расчышчанай пляцоўцы таксама будуць праведзены археалагічныя даследаванні.

Год таму пры раскопках у Лаўрышаве валанцёры знайшлі ўнікальную матрыцу-пячатку XIII стагоддзя. Надпіс на пячатцы спалучае грэчаскую і старажытнарускую мову і быў расшыфраваны як „Святая пустынь”.

Фота Тэльмана Маслюкова