Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў
У тыя сакавіцкія дні 1945 года, калі з усіх бакоў саюзнікі ўсё мацней сціскалі ў смяротнае кола нацысцкую Германію, на Палессі адбылася чарговая актывізацыя анысавецкай партызанкі. Чырвоная Армія заняла Данцынг (Гданьск), узброеныя сілы саюзнікаў паспяхова фарсіравалі Рэйн, а ў тагачаснай Берасцейскай і Пінскай вобласці пачалі знікаць савецкія дэпутаты, патрыйныя функцыянеры ды апаратчыкі мясцовых выканкамаў.
Акрамя ўзмацнення прапаганды (гл.: Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!), на студзеньскай нарадзе ў Менску было прынятае рашэнне пра павелічэнне колькасці чэкістаў на Палессі і адпраўкі ў край дасведчанага вайсковага камандавання. На барацьбу з “нацыяналістычнымі бандамі” накіравалі намесніка наркама ўнутраных спраў БССР Іларыёна Івашчанку ды генерал-маёра Філіпа Капусту.
Аблавы на дэзерціраў і ўхілістаў
Зрыў мабілізацыі – гэта была адна з галоўных праблем для бальшавікоў на Палессі, асабліва ўлетку і ўвосень 1944 года. Так, напрыклад, на Піншчыне ў жніўні 1944 года на зборныя пункты не з’явілася каля 700 чалавек і многія збеглі ў момант руху цягнікоў да месца прызначэння. Акрамя таго што збягалі, дык многія далучаліся да ўзброенага антысавецкага падполля.
У 1945 годзе праблема засталася, але не ў тых памерах. Падзейнічалі рэпрэсіўныя захады – расстрэлы, арышты, праблемы для сем’яў. Тым ня менш, частка трапіўшых пад прызыў рызыкавала жыццём ды воляй і ўцякалі.
У сакавіку 1945 года НКУСаўцы правялі аблавы ў Маларыцкім раёне з мэтаю выяўлення дэзерціраў. У выніку акцый злавілі 234 чалавек. Таксама залічылі да антысавецкага элемента 81 жыхара раёна.
Каму пашанцавала, той уцёк
22 сакавіка 1945 года на шашы Берасце-Камянец, каля вёскі Чарнаўчыцы, невядомыя ўзброеныя асобы здзейснілі напад на супрацоўніка Камянецкага раённага аддзялення НКУС Шумскага, які ад атрыманых раненняў памёр. Сакратар Берасцейскага абласнога камітэта КП(б)Б Тупіцын паведамляў па дадзеным факце ў Менск Панамарэнку, што чэкіст у той вечар вяртаўся з Берасця, дзе ўдзельнічаў у паседжанні абкама партыі, бо разглядалася ягонае пытанне на ўступленне ў шэрагі Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Забойцаў так і не знайшлі.
У той жа вечар, 22-га сакавіка, але ўжо ў Антопальскім раёне ў вёсцы Кустовічы быў збіты і цяжка паранены старшыня мясцовага спажывецкага кааператыва Антон Стасевіч. І ў тую ж ноч, невядомыя збілі жыхара хутара Уцёсы Хабовіцкага сельскага савета, бо той актыўна супрацоўнічаў з калгасам.
Увечары 5 красавіка ўзброеная група, каля 50 чалавек, з’явілася ў вёсцы Альхоўка (цяпер Кобрыньскі раён) і аб’явіла, што шукае дэпутата сельскага савета, які скарыстаўся момантам і ўцёк у балота. Разам з ім збегла і інструктарка ЛКСМБ, якая днём завітала ў Альхоўку, каб правесці агітацыю сярод моладзі на ўступленне ў камсамол.
А вось іншаму дэпутату не пашанцавала. Узброены атрад у 20 чалавек, 7 красавіка, прыйшоў у вёску Барысаўка (цяпер Кобрыньскі раён). Дэпутат мясцовага сельскага савета Іван Зайоўскі не паспеў схавацца і быў арыштаваны. У ягонай хаце здзейснілі ператрус, канфіскавалі і знішчылі ўсе савецкія дакументы, літаратуру і выявы бальшавісцкіх правадыроў. Пасля гэтага Зайоўскага вывелі за вёску і расстралялі за актыўную падтрымку саветаў.
Антысавецкая партызанка павялічылася
Напачатку красавіка 1945 года сакратар Дзівінскага раённага камітэта КП(б)Б Індзюкоў паведамляў у Менск кіраўніку партыі Панамарэнку наступнае: “…У раёне знаходзіцца зусім нязначная колькасць войскаў, а колькасць ворагаў значна павялічылася ў параўнанні з зімовым перыядам. У нас у цяперашні час ні ў адным сельскім савеце няма ніводнага вайсковага гарнізона, якія б хутчэй маглі выходзіць на ліквідацыю. Неабходна Вам аказаць нам дапамогу па арганізацыі аховы Белаазёрскага канала, так як такой ахоўваецца зусім не дастаткова і толькі мясцовай аховай. Не выключаецца магчымасць, што бандыты могуць паспрабаваць знішчыць збудаванні на канале, а перашкодзіць гэтаму няма дастатковай колькасці сіл…”.
Увага падполля на гідратэхнічныя пабудовы была засяроджана яшчэ ўвосень 1944 года (гл.: Барацьба за Дняпроўска-Бугскі канал). У Кампартыі гэта тлумачылі тым, што антысаветчыкі намагаюцца здзейсніць нейкую маштабную аперацыю, каб максімальна нашкодзіць усталяванню савецкай улады. Паводка з’яўлялася сур’ёзнай праблемай.
З узяццем Берліна сітуацыя на Палессі ня стала менш напружанай, але пра гэта ў іншай гісторыі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя