Падзеі і асобы ў музейных экспазіцыях



Полацкі музей беларускага кнігадрукавання праводзіць актыўную выставачную дзейнасць. Акрамя сталай экспазіцыі музей перыядычна рыхтуе асобныя выставы, прысвечаныя значным падзеям у жыцці Беларусі, або юбілеям славутых дзеячаў культуры.

Кажа загадчыца музея Славіна Гаўрылава:

– Выставы ладзяцца ў музеі даволі часта. Не скажу, што штомесяц, але па пяць – сем выстаў за год. Гэта даволі шмат, тым больш для нашага музея.

Але найбольш увагі музей надае гісторыі Полаччыны і дзеячам Полацкай зямлі. Сёлета Полацак адзначае 100-годдзе вядомага полацкага кампазітара Мікалая Пятрэнкі, аўтара музыкі славутай песні «Ручнікі», якую ў свой час выконваў ансамбль «Песняры». Рыхтуецца да гэтага юбілею і музей кнігадрукавання.

– У снежні ў нас будзе выстава, прысвечаная самадзейнаму кампазітару, якога ведаюць усе, –  Мікалаю Макаравічу Пятрэнку. Да 100-годдзя з дня яго нараджэння мы будзем таксама рыхтаваць выставу.

З 1960 года Мікалай Пятрэнка выкладаў у Полацкай педагагічнай вучэльні беларускую мову і літаратуру. Менавіта Пятрэнка быў першым старшынём полацкай аранізацыі Таварыства беларускай мовы.

Дом, у якім жыў Мікалай Макаравіч, пазначаны мемарыяльнай дошкай.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя