Паэма пра рэабілітаванага дзядулю
У Баранавічах свет пабачыла новая кніга сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў паэткі Таццяны Яцук. Кнігу склала адна “Паэма блукання і веры”, прысвечаная сталінскім рэпрэсіям.
“Сям’ю майго бацькі рэпрэсіравалі ў 1938 годзе, калі яму было ўсяго шэсць гадоў. Безумоўна, бацька не мог рабіць палітыку ў такім узросце. У чым тады была віна гэтага маленькага хлопчыка? Хіба ў тым, што нарадзіўся ў працавітай сям’і, і навучылі яго працаваць яшчэ з дзяцінства? Ці, можа, у тым, што вельмі любіў сваіх бацькоў, а задаволіцца іх ласкай і цяплом цалкам не мог, таму што свайго бацьку апошні раз хлопчык бачыў у шасцігадовым узросце. А далей быў арышт і пажыццёвая расплата. Самае страшнае тое, што пра лёс майго дзядулі бацька даведаўся толькі ў 60-гадовым узросце, будучы сталым мужчынам”, — распавядае аўтарка паэмы Таццяна Яцук.
Хоць позна, але праўда перамагла. Дзякуючы Цэнтру па рэабілітацыі і шчыраму жаданню бацькі паэткі Мікалая Марчыка, дзед паэткі праз дзесяцігоддзі ўсё ж быў рэабілітаваны. І толькі тады сям’я даведалася, што Марчык Сямён Сямёнавіч з Наваградчыны памёр у 1940 годзе на лесараскарчоўках у горадзе Котласе, моцна хворы на ныркі.
“Палавінкі свайго гаротнага жыцця мой бацька склейваў на працягу доўгіх гадоў, і які ж ён быў шчаслівы сустракаючы мяне і маіх сясцёр, на парозе роднай хаты з доўгачаканым дакументам аб рэабілітацыі сям’і. Магчыма, на свеце ў той момант не было шчаслівейшага чалавека за майго бацькі”, — прыгадвае Таццяна Яцук.
Гэтаму і прысвечана вялікая вершаваная паэма Таццяны Яцук “Паэма блукання і веры”:
…Мне не трэба ні грошай, ні лаўры снаваць,
Я знясілеў ад думак і зморы.
І хацеў шчыра людзям усім даказаць:
–Гаспадар бацька мой, а не вораг!…
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы