Паэт Граніт з вёскі Зачэпічы
У заходнебеларускага паэта Івана Івашэвіча з вёскі Зачэпічы Дзятлаўскага раёна было два псеўданімы: Пятрусь Граніт і Мацей Гвозд.
Часцей за ўсё ён карыстаўся псеўданімам Пятрусь Граніт. Пад гэтым псеўданімам і апублікаваў Іван Івашэвіч свае першыя вершы ў “Беларускай газеце” 10 лістапада 1933 года. Гэта верш “Прывітанне”, у якім аўтар шчыра вітаў газету і верш “Мужыцкая восень”. Ён гучаў так:
З палёў даўно сабралі
Збажыну мужыкі,
І па вясковых далях
Цяпер грымяць такі.
З братвы мужыцкай, шэрай
Бязмежна кожны рад,
Што хлеба сціплай мерай
Мо хопіць да Каляд.
Праходзяць дні без мовы,
І толькі вецер дзьме,
Сустрэчны гімн суровай
Складаючы зіме.
Далёка ў небным полі
Крык жураўлёў замоўк,
А над мужыцкай доляй
Завые сёння воўк.
У гэтым самым нумары “Беларускай газеты” у рубрыцы “Гутарым” напісана, што ў рэдакцыі газеты сабралася “ладная куча Вашых вершаў”. Рэдакцыя раіць паэту з Дзятлаўшчыны сур’ёзна працаваць над сваімі вершамі, бо “верш – гэта стройная сугучнасць вобразаў і музыкальнасці, гэта адзінства вобразаў і формы”.
У 1934 годзе ў часопісе “Літаратурная старонка” (№1) Пятрусь Граніт публікуе яшчэ адзін свой верш “Каваль”:
Гэй, каваль, распальвай горын!
Будзем строіць новы плуг.
З лемяшом сталёвым, новым,
Пасля пойдзем араць луг.
І работа загудзела,
Чуцён стукат малатка.
Іскра з шумам адляцела –
Будзе плуг для мужыка.
Гне жалеза на кавадлі,
Валіць молатам каваль.
Пот цячэ, а ён заядла
Робіць із жалеза сталь…
Плуг гатоў, бяры яго ты,
Ары дзікі наш дзірван;
І паддай другім ахвоты
Успульхняці свой загон.
Газета “Наша воля” ў красавіку 1936 побач з такімі вядомымі ў Заходняй Беларусі паэтамі, як Максім Танк, Міхась Машара, Міхась Васілёк, Анатоль Іверс публікуе і васьмірадкоўе Петруся Граніта пра тагачаснае невясёлае жыццё:
Свет трасецца навакола,
Крызіс косці прабірае.
Нам жывецца невясёла –
Кожны гэта добра знае.
Але прыйдуць дні другія,
Прыйдуць з полымем гарачы, –
І стары падмінаваны
Затрасецца свет іначай.
Летам 1934 года Пятрусь Граніт наладжвае сувязі з рэдакцыяй двухтыднёвіка грамадскага гумару і сатыры “Асва”. Ён туды дасылае вершы і смяшынкі. У №5 “Асва” публікуе яго першую смяшынку “Паміж самагоншчыкамі”. А потым у друку з’яўляецца яго сматырычны верш “Хітры асаднік і мужык-здагаднік”. Вершы паэта з Дзятлаўшчыны актыўна друкуюцца ў штотыднёвіку “Poprostu”, у заходнебеларускіх выданнях “Наша воля”, “Беларускім летапісе”, “Шлях моладзі” і ў іншых. У некаторых сваіх паэтычных радках паэт хораша апяваў родную прыроду. Яго творы часам былі аптымістычныя па гучанню, якія лёгка і сёння чытаюцца, просяцца на музыку:
Зарою ўсход залоціцца,
Лье чырвань на зямлю;
Пад п’яную разводзіцу
Жыцця дзень новы родзіцца,
І я жыццё люблю!
Іграюць песні звонкія
Калосячы раллю,
На сонца струны тонкія,
Што звіслі над старонкаю,
Я песні разалью!
Дзясяткі вершаў Петруся Граніта раскіданы па розных беларускіх выданнях, а таксама і па старонках дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”. Праўда, у 1939 годзе паэт падрыхтаваў свой першы паэтычны зборнік “Над хвалямі Нёмана”, але выйсці ён не паспеў – перашкодзіла вайна. І толькі ў 1978 годзе ў Менску выйшла з друку невялічкая кніжачка яго дзіцячых вершаў “Сцяжынка”, якую на грамадскіх пачатках адрэдагаваў Алег Лойка. Наклад кніжкі быў вялікі – 50 тысяч асобнікаў.
У зборнічак увайшлі 22 вершы паэта. Гэта вельмі шчырыя, светлыя, пяшчотныя радкі пра прыроду, лясных жыхароў, птушак і вёску – пра ўсё тое, што бачыў паэт, з чым і з кім штодня сустракаўся. Гэтыя вершы варта зноў перавыдаць, бо яны вельмі павучальныя, вучаць любіць прыроду, добра займацца ў школе, паважаць старэйшых людзей. А яшчэ яны імгненна запамінаюцца, некаторыя з іх напісаны з гумарам. Ну, напрыклад, верш “Свінка ў лазню хадзіла…”:
Свінка ў лазню хадзіла
І забылася мыла.
У лужы паляжала.
–Памылася, – сказала.
Як прыйшла яна дахаты,
Не пазналі парасяты.
Аж сама здзівілася:
–Я ж у лазні мылася!..
Іван Івашэвіч нарадзіўся 24 студзеня 1909 года ў вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне. Бацьку забралі на вайну, дамоў ён вярнуўся толькі ў 1922 годзе. Але доўга не пажыў – памёр праз год ад ран. І хлопчык Ваня ў 12 гадоў ужо касіў, хадзіў за плугам.
У 1927 годзе Іван Івашэвіч стаў працаваць брукаром. І працаваў ім аж да верасня 1939 года. Тады ён і напісаў свой незвычайны для Заходняй Беларусі верш “Брукар”, у якім паказаў цяжкую працу брукара. Здаецца, у беларускай літаратуры больш не было паэта, які аж 12 гадоў клаў брук і яшчэ паспяваў пісаць добрыя вершы. Вось як гучаў яго верш “Брукар”:
Брукар молатам сталёвым
Звоніць, б’е па камянёх:
Хоча шлях пракласці новы,
Каб не раніць людзям ног.
Утрымае цяжкі молат
Мазалістая далонь.
Размахніся – як той волат,
Высякаючы агонь!
Толькі рэха раздаецца,
Іскры свецяць у вачах.
Камень сцелецца-кладзецца –
Пракладае новы шлях.
Новы шлях прамы і роўны,
Каб не раніць болей ног.
Па ім пойдзе люд працоўны
Да святла і перамог.
Ва ўмовах Заходняй Беларусі Іван Івашэвіч даволі рана далучыўся да падпольнай дзейнасці, наведваў сходы і мітынгі Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Ён некалькі разоў арыштоўваўся ўладамі Польшчы, але працягваў змагацца за светлую долю свайго народа. А ў вершах апісваў нялёгкае жыццё беларусаў і заклікаў іх да лепшага жыцця.
У 1933 годзе Пятрусь Граніт прымаў удзел у Першым нелегальным з’ездзе заходнебеларускіх пісьменнікаў у Вільні. А пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР паэт працаваў сакратаром выканкама, потым – старшынём сельсавета.
У 1940 годзе ў Лідзе паэту-брукару пашанцавала сустракацца з Янкам Купалам, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. 23 чэрвеня 1964 года Уладзімір Калеснік запісаў з Гранітам гутарку пра тое, як адбывалася сустрэча з песняром беларускай зямлі. “Янка Купала,— успамінаў Граніт,— быў у Лідзе тры дні, жыў у гасцініцы, а абедаў у сталовай, так званай “Амерыканцы”. Мы з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пайшлі праведаць яго. Купала сустрэў нас ветліва і, пагутарыўшы, запрасіў разам паабедаць. Заказаў нам абед з чатырох блюд з чаркай і півам. Калі мы памкнуліся плаціць — перапыніў нас: “Хлопцы, хлопцы, у мяне, мабыць, больш грошай…”. А потым усім нам даў падарункі: мне дасталася кніжка “Выбраныя паэмы”, асобнае выданне “Над ракой Арэсай”. Янка Купала быў негаваркі. Прачытаеш, помню, яму свой верш, ён паслухае. Пытаеш: “Ну як?”, а ён далікатна гаворыць: “Верш як верш, трэба паправіць”. “А як яго паправіць?” — пытаю. “Хто яго ведае. Спярша трэба некалькі разоў прачытаць, тады можна раіць. Прыязджай, кажа, у Мінск, там параімся і наконт зборніка”, — казаў паэт. Янка Купала стары ўжо быў у тыя гады, але паказаўся вельмі свойскім чалавекам, як родны. Так што розніца ў гадах не так і адчувалася. Гаварыў з намі сардэчна, шчыра. Падумаць толькі, гэта ж Народны паэт, а гаворыць, як бы быў сам вясковым простым чалавекам” (Уладзімір Калеснік. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С.252-253).
У гады Другой сусветнай вайны Іван Івашэвіч быў сувязным партызанскай брыгады «Барацьба» на Гарадзеншчыне, выступаў у партызанскім друку з вершамі. І толькі пасля вайны Іван Івашэвіч завочна скончыў Наваградскае педвучылішча. У 1945—1971 гадах працаваў настаўнікам і загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах. І заўсёды пісаў вершы:
Хоць жаль бярэ – прыпомні ўсё –
Душу, як сталь, гартуе.
Хоць здзек зразорыў мне жыццё, –
Свой край люблю я!..
Паэтычныя радкі паэта друкаваліся ў раённым і абласным друку. Нізкі вершаў былі апублікаваны таксама ў зборніках “Сцягі і паходні” (Мн., 1965) і “Ростані волі” (Мн., 1990).
Памёр Пятрусь Граніт 14 студзеня 1980 года. Пахаваны ён на могілках у роднай вёсцы Зачэпічы. На старым надмагільным помніку яшчэ можна прачытаць напісаны па-руску тэкст, што там пахаваны Іван Пятровіч Івашэвіч.
Прозвішча Петруся Граніта нанесена на мемарыяльны камень у вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна, а адна з вуліц у гэтай вёсцы стала летась насіць яго імя.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара