Паэт Мікола Канановіч: Пазбаўленне юрыдычнага статусу не пазбавіць Беларусь ад пісьменнікаў
Улады хочуць ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменнікаў. Справу будзе разглядаць Вярхоўны суд 24 жніўня.
Пракаментаваць сітуацыю Радыё Рацыя папрасіла паэта са Слоніма, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2018 года Міколу Канановіча:
– Яшчэ пакуль Саюз беларускіх пісьменнікаў не ліквідавалі. Але спадзеў, што Вярхоўны суд не задаволіць позву Мінюста, вельмі слабы ў сённяшніх варунках татальнай зачысткі ўсяго жывога і творчага. Хаця, можна ўспомніць 2006 год, калі Вярхоўны суд стаў на бок пісьменнікаў. Але, баюся, што цяпер не той час. Не да законаў жа ім! Прыкра ўсё гэта. ПЭН-цэнтр ліквідавалі. БАЖ у стане ліквідацыі. Цяпер вось Саюз беларускіх пісьменнікаў. Толькі ж пазбаўленне юрыдычнага статусу – не пазбавіць Беларусь ад пісьменнікаў і журналістаў. Гэтак жа, як у свой час не пазбавіла ад праваабаронцаў, калі ліквідавалі рэгістрацыю „Вясны„. Але творчае жыццё пісьменнікам, вядома ж, ліквідацыя арганізацыі ўскладніць. Выдаваць літаратурныя часопісы, альманахі і іншую перыёдыку будзе складаней. Але жывое беларускае слова жыло і будзе жыць, нягледзячы ні на якія ліквідацыі.
Беларускае Радыё Рацыя