Паэт, які не заканчваў інстытутаў
19 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта і крытыка Міколы Засіма (1908-1957).
Мікола Засім нарадзіўся ў Шанях на Пружаншчыне ў беднай сялянскай сям’і. Пра родную вёску будучы паэт шмат пісаў і гаварыў, ніколі не забываў і ездзіў сюды да канца жыцця:
Гэй, паэты вёскі й поля,
Я ваш сябра – Засім Коля…
З пачаткам Першай сусветнай вайны вялікую сям’ю выгналі ў Саратаўскую губерню. Там 7-гадовы Мікола пайшоў у пачатковую школу. Вучоба давалася яму лёгка, акрамя рускай мовы, на якой у Шанях тады ніхто не размаўляў. Тым не менш хлопчык спрабаваў, пераймаючы Івана Крылова, пісаць байкі.
У 1921 годзе сям’я Засіма вярнулася на радзіму, дзе Мікола скончыў польскую школу. Юнак марыў вучыцца далей, але для гэтага не было сродкаў. Каб дапамагаць бацькам па гаспадарцы, давялося ўладкавацца на лесапілку, а потым – лесніком. Пра цяжкае жыццё беларусаў малады паэт эмацыянальна расказваў у сваіх вершах, якія, па яго меркаванню, павінны складацца з жыццёвага лёсу аўтара і яго чытачоў.
Дзякуючы актыўнай грамадзянскай пазіцыі Мікола Засім удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым і рэвалюцыйным руху, узначальваў гурток Беларускай сялянска-рабочай грамады, працаваў бібліятэкарам Таварыства беларускай мовы. Яго неаднаразова арыштоўвалі і катавалі, але зламаць не маглі. Ён пісаў вершы, поўныя сарказму, іроніі і народнага гумару, нават на турэмных нарах.
Мікола Засім імгненна адгукаўся паэтычным словам на падзеі грамадскага жыцця. Новы этап яго творчасці быў звязаны з уз’яднаннем Заходняй Беларусі і БССР. Аўтарытэтнага земляка выбралі старшынёй Шаняўскога сельсавета.
У гады Другой сусветнай вайны Міколу Засіму давялося перажыць асабістую трагедыю: фашысты забілі яго старых бацькоў, а сястру вывезлі ў Германію. Іх светлай памяццю сын пакляўся быць бязлітасным у помсце ворагам і пісаў патрыятычныя вершы.
Мікола Засім – адзіны беларускі паэт, які адлюстраваў у творчасці партызанскую эпапею ад яе пачатку і да канца, стварыў паэтычны летапіс народнай барацьбы ў заходніх абласцях Беларусі. Пасля вайны ён доўга не мог вызваліцца ад перажытага. За актыўны і мужны ўдзел у барацьбе з нямецкімі захопнікамі Мікола Засім быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
У 1946 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ працаваў у рэдакцыі берасцейскай абласной газеты «Зара», узначальваў літаратурнае аб’яднанне. У 1947 годзе выйшаў першы паэтычны зборнік «Ад шчырага сэрца». Ён быў названы так нездарма: Мікола Засім, нягледзячы на складаны характар, вылучаўся адкрытасцю, гасціннасцю, таварыскасцю, добразычлівасцю, аптымізмам і праўдалюбствам. Пісаць ён мог і па-руску, і па-беларуску, і па-ўкраінску, і па-польску. Самародак! Інстытутаў Мікола Засім не заканчваў. Яго інстытутам было жыццё.
На жаль, зямны лёс адмераў Міколу Засіму ўсяго 48 гадоў. Ён пахаваны на Трышынскіх могілках у Берасці. На помніку паэту выбіты яго вершаваныя радкі:
Ніколі, ніколі любіць не пакіну
Сваю Беларусь, дарагую Радзіму.
Беларускае Радыё Рацыя