Паэт, якому пашчасціла нарадзіцца ў Дзень Волі
85-я ўгодкі сёння, 25 сакавіка, адзначае паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч. Яго добра ведаюць і любяць у Віцебску. Найперш таму, што ён не адзін дзясятак гадоў выкладаў нямецкую мову ў мясцовым універсітэце, і многія пакаленні будучых настаўнікаў-філолагаў з удзячнасцю прыгадваюць ягоныя заняткі. Уладзімір Папковіч не аднойчы працаваў перакладчыкам падчас прыезду ў Віцебск дэлегацый з Нямеччыны, і што яшчэ важней – дзякуючы яму на беларускай мове можна пачытаць творы сусветных класікаў, сярод якіх Рут Крафт, Фрыдрых Шылер, Эрых Марыя Рэмарк.
Уладзімір Антонавіч распавядае, што ягоны лёс мог скласціся абсалютна інакш: ён нарадзіўся на Меншчыне, у вёсцы Дварэц Вілейскага раёна. Збіраўся стаць настаўнікам беларускай мовы, але не дабраў балаў ва ўніверсітэт. Тады нехта параіў паступаць у інстытут замежных моваў, маўляў, там хлопцаў мала, паступіць лягчэй. Прахадны бал там аказаўся ніжэйшы, вывучаць мовы падабалася, і ў другім семестры Уладзімір стаў найлепшым студэнтам факультэта. Пасля сканчэння ВНУ ён выкладаў у гэтым інстытуце нямецкую мову, працаваў інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі, старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Менскай вышэйшай інжынерна-радыётэхнічнай вучэльні, інжынерам-перакладчыкам аддзела тэхнічнай інфармацыі оптыка-механічнага завода. А потым лёс на доўгія гады звязаў яго з Віцебскам і з настаўніцкай або выкладчыцкай працай.
Што да літаратуры, то сваім «хросным бацькам у паэзіі» Уладзімір Папковіч лічыць Рыгора Барадуліна, які дапамог з рэдактурай і напісаў уступнае слова да зборніка «На досвітку», які выйшаў, калі Уладзіміру Папковічу было ўжо 43 гады. Ён пісаў вершы з дзяцінства, але выдаваць іх не спяшаўся. І невядома, ці наважыўся б, калі б родная сястра паэта не перадала іх у Менск. З тое пары ва Уладзіміра Папковіча выйшла 10 паэтычных зборнікаў, і яшчэ адзін, паэтычна-сатырычны, дзе аўтарам пазначаны Ахрэм Нядбайла – гэта псеўданім, якім падпісана кніга «Вы будзеце смяяцца».
Вось такім, лірычным і іранічным творцам, Уладзімір Папковіч увайшоў у літаратуру і ў культурніцкае жыццё Віцебска. Ён заўжды быў удзельнікам усіх значных падзей – ад прэзентацый твораў сваіх сяброў да ўдзелу ў літаратурных чытаннях на малой радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, ад выставаў свайго сябра, мастака Фелікса Гумена, да выступаў у студэнцкіх аўдыторыях і бібліятэках. Нават цяпер, калі здароўе не дазваляе з былым імпэтам наведваць розныя імпрэзы, Уладзімір Антонавіч абавязкова перадае паэтычныя прывітанні, якія гучаць для прысутных.
У свае 85 гадоў паэт не парывае сувязі са сваімі чытачамі: некалькі разоў на тыдзень вершы абавязкова з’яўляюцца на ягонай старонцы ў Фэйсбуку, і дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу іх цяпер чытаюць не дзясяткі і нават не сотні, а тысячы чытачоў, кажа Уладзімір Антонавіч.
Штогод 25 сакавіка ў яго – двайное свята: Дзень народзінаў і Дзень Волі. Гэтае спалучэнне паэт лічыць адказным і натхняльны, і нават на віншаванні з народзінамі часта з гонарам адказвае «Жыве Беларусь!»
Фотаздымкі з асабістага архіва Уладзіміра Папковіча
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя