Паэт з Зэльвеншчыны адзначае юбілей



Паэту Уладзіміру Мазго 5 сакавіка спаўняецца 60 гадоў. Сёння і ў наступныя дні з юбілеем яго будуць віншаваць самыя дарагія людзі, сваякі, сябры і калегі па пяру, а таксама супрацоўнікі часопіса “Нёман”, дзе ён працуе намеснікам рэдактара.

Уладзімір Мазго нарадзіўся ў Зэльве. Скончыў філфак БДУ, працаваў у розных выданнях і выдавецтвах. У 1982 годзе з друку выйшаў яго першы зборнік вершаў “Пад спеў крыніц”. Студэнцкія гады, праца ў газетах, салдацкія будні – усё гэта было ўжо за плячыма лірычнага героя першага зборніка. Паэт пісаў пра ўсё тое, што ён бачыў, адчуваў, перажываў, пісаў пранікнёна і ўсхвалявана. З першага зборніка назаўсёды запомніліся яго радкі:

Глянь: імклівай Зальвянкай,

Хуткай плынню ракі

Выплываюць славянкі

Проста ў нашы вякі…

Пасля першага зборніка свет пабачылі шмат новых кніг, у тым ліку для дзяцей і школьнікаў. За сваю творчасць ён узнагароджваўся прэміямі федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміяй Васіля Віткі, прэміяй “Залаты Купідон”. Уладзімір Мазго з’яўляецца выдатнікам друку Беларусі, Ганаровым грамадзянінам Зэльвенскага раёна.

Многія вершы паэта-юбіляра пакладзены на музыку і сталі песнямі, якія ўвайшлі ў рэпертуар зорак беларускай эстрады і маладых выканаўцаў. Уладзімір Мазго штогод арганізоўвае ў роднай Зэльве сустрэчы з беларускімі літаратарамі, кампазітарамі, музыкантамі і спевакамі. Свае сустрэчы, як і адзін са зборнікаў, ён назваў “Сакавіны”.

Сакавіны – гэта час вясновага абуджэння акаляючага свету, абнаўлення нашых думак і пачуццяў. Няхай сакавіны і надалей асвятляюць творчы і жыццёвы шлях паэта Уладзіміра Мазго:

Ад жыццёвых трагедый і драм

Ёсць адно ратаванне –

У слове.

Гэта слова святое,

Як храм,

Да якога прыходзім

На споведзь.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя