Паэт застрэліўся на беразе Нёмана



85 гадоў таму, 27 чэрвеня 1933 года, у шпіталі ў Гародні ад раны памёр беларускі паэт Міхась Явар (сапраўднае прозвішча Карась).

Часопіс “Шлях моладзі” (ліпень-жнівень 1933 года) пісаў, што седзячы на беразе Нёмана каля вёскі Мінявічы Луненскай гміны Гарадзенскага павета выстралам з рэвальвера быў цяжка паранены малады беларускі паэт Міхась Явар. Гэта бачыла яго родная сястра і сачыла за братам, каб перашкодзіць здзейсніць самагубства. Але было ўжо позна. І хоць куля не папала ў самае сэрца, аднак праз тры дні паэт і грамадскі дзеяч памёр ад смяротнай раны.

Некралогі надрукавалі тады часопіс “Шлях моладзі” і “Беларуская газета”. Газета пісала, што “адышоў ад нас наш малады пясняр Міхась Явар. Як шкада патушанага агню, так шкада гэтага сапраўднага сына нашага беларускага працоўнага народа”(10.08.1933).

Міхась Явар нарадзіўся 8 лістапада 1903 года ў вёсцы Мінявічы на Мастоўшчыне ў беднай сялянскай сям’і. Ён глыбока перажываў тыя падзеі, якія адбываліся, а таксама пра няпростае становішча беларускага народа. Здароўе меў кволае і доўга хварэў на сухоты. А яшчэ няўдачным аказалася яго першае каханне. Усё гэта і прывяло 30-гадовага юнака да самагубства.

Паэт рана ўключыўся ў падпольную работу, якая неаднаразова праследавалася ўладамі Польшчы. Выступаў на вясковых вечарынках і самадзейных канцэртах з вершамі, у якіх выкрываў антыбеларускую палітыку пілсудчыкаў. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Грамады і ТБШ.

Друкавацца Міхась Явар пачаў з 1932 года на старонках часопіса “Шлях моладзі”. Свае паэтычныя творы змяшчаў таксама на старонках заходнебеларускіх выданняў “Беларуская газэта” і “Летапіс ТБШ”. Шчыра сябраваў з Міхасём Васільком.

Лірычны герой яго паэзіі быў рамантыкам, ён спачуваў працаўніку-беларусу, верыў у лепшую долю свайго народа. На жаль, асобным зборнічкам вершы Міхася Явара пакуль не выдаваліся. У Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі Мастоўскага раёна ўстаноўлены яму бюст, ёсць прысвечаны куток. На могілках каля вёскі Падбараны на магіле паэта стаіць помнік. Адна з вуліц вёскі Луна Мастоўскага раёна носіць яго імя. А ў роднай вёскі паэта ўстаноўлены вялікі камень “Марам Міхася Явара”. Міхась Машара і Міхась Васілёк прысвяцілі паэту некалькі сваіх вершаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Мастоўскі раён