Паэтка з Шаркоўшчыны Людміла Ардынская адзначае 70-годдзе
5 снежня адзначае сямідзесяцігадовы юбілей паэтка і грамадская актывістка з Шаркоўшчыны Людміла Ардынская. Напярэдадні гэтай даты яна выпусціла кнігу «Яблыневы сад», прысвечаную вядомаму садаводу-селекцыянеру з Алашак Івану Сікору і яблычнаму брэнду Шаркоўшчыны. А таксама падрыхтавала да друку кнігу для дзяцей «Белы бусел», вершы і казкі з якой прэзентавала ў Шаркоўшчынскай дзіцячай бібліятэцы.
Па словах Людмілы Ардынскай, наперадзе ў яе яшчэ шмат творчых задумаў.
— Я не ведаю, як мне Бог дасць, як маё сэрца дасць мне далей трываць так, як я жыву, у такім напружанні, у такім пастаянным пошуку, але ў мяне ўжо на флэшцы набраная кніга «Пад сузор’ем стральца».
Пад зоркай застылай у свет нарадзіла,
ў снежні матуля на свет.
Пад ветру злы посвіст душу даў наросхрыст,
Прызначыў лёс Божы савет…
Усе творчыя сілы аддам Зямлі мілай,
Аб ёй свае песні пяю…
У Людмілы Ардынскай шмат творчых планаў. Але, на жаль, паэтка — чалавек адзінокі, пасля працяглай хваробы памёр яе муж, дзяцей не было, жыве з адной пенсіі. Таму і ажыццявіць усе свае творчыя задумы і праекты ёй даволі складана ў матэрыяльным плане. Выпусціць кнігу «Яблыневы сад» ёй дапамаглі сябры з Глыбокага, а вось на кнігу паэзіі «Пад сузор’ем стральца» і дзіцячую «Белы бусел» у яе пакуль не стае грошай.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя