Паэтку Наталлю Арсенневу Анатоль Іверс запрашаў у партызаны
Калі ў 2012 годзе я рыхтаваў трохтомнік твораў Анатоля Іверса і кнігу ўспамінаў пра яго, пісьменніца Вольга Іпатава перадала мне неапублікаваную раней гутарку прафесара Уладзіміра Калесніка (1922-1994) з Берасця з паэтам са Слоніма Анатолем Іверсам (1912-1999). Гутарка была запісана 23 жніўня 1991 года. І яна даволі вялікая. У ёй прыгадваюцца многія заходнебеларускія літаратары, у тым ліку і наша славутая паэтка Наталля Арсеннева, якая пасля Другой сусветнай вайны жыла ў ЗША.
Вось што тады прыгадваў Анатоль Іверс пра Наталлю Арсенневу.
Уладзімір Калеснік: Мне неяк гаварыў Валодзя Ягоўдзік, што ты, Іване, расказваў яму цікавыя рэчы пра сваю сустрэчу і гутарку з паэткай Наталляй Арсенневай у часе нямецкай акупацыі.
Анатоль Іверс: Яна са мною разгаварылася. Гэта была мая першая сустрэча з Арсенневай. Я ведаў яе па творах. Быў у мяне яе зборнік «Пад сінім небам». Я аддаў Валодзю Ягоўдзіку, няхай будзе яму, а я, можа, як-небудзь ужо абыдуся без гэтае кнігі… У акупацыі быў я на падпольнай рабоце ў Слоніме. Працаваў у гарадской управе, служыў у агульным аддзеле. Усе дакументы пісаліся там на беларускай мове. Куды б там ні пісалі — у біржу працы, яшчэ куды-небудзь, то для гэтага былі дзве машыністкі-перакладчыцы, якія перакладалі на нямецкую мову з беларускай. Вось як было. Мяне ўзялі туды справаводам, ці рэферэнтам, як яны там называлі. Рэферэнт — гэта нешта гучнае…
Уладзімір Калеснік. Дык ты адказваў там за граматнасць беларускамоўных тэкстаў?
Анатоль Іверс. Так. Вось на табе, глянь, пасведчанне засталося… У 1943 годзе, не памятаю, які гэта быў месяц, прыехала ў Слонім Наталля Арсеннева. Чаго яна прыехала, я так і не ведаю. Ну, зайшла ў гарадскую ўправу, да бургамістра, а тут бургамістр ведаў, што я… як уладкоўваўся на работу, то казаў яму, што я ў гімназіі вучыўся і па-беларуску вершы пішу. Мне ж трэба было неяк уладкавацца. Паклікаў мяне бургамістр. Я зайшоў. Пазнаёміў (я ж яе ведаў, так, з выгляду па фотаздымку), а ён прадставіў, і мы пазнаёміліся. Потым доўга гутарылі пра ўсё.
Уладзімір Калеснік. Ты з ёю першы раз у жыцці размаўляў?
Анатоль Іверс. Першы раз. Але яна потым сказала: «Спадар Міско», ці спадар Іверс, не памятаю дакладна, як яна мяне называла ў той час, але прамовіла: «Можа, мы выйдзем трошкі…» (так хацела сам-насам пагутарыць). Выйшлі мы, селі асобна, яна пачала распытваць:
— Ну як вы тут жывяце, як тут твае?
— Вось,— кажу,— жывём. Быў на вёсцы, але пачалі ў Германію браць, дык перайшоў сюды… Я гэтак і бургамістру казаў: «Чаго я туды паеду, у Германію»… Дык я вось тут дамовіўся і працую.
— А як жывецца?
— Ну, як, кажу, жывецца, як пад акупацыяй, цяжкавата, але бацька яшчэ на вёсцы ёсць, на хутары… Яна расказала, што ў яе здарылася няшчасце… У тэатры сын загінуў. Быў такі выбух. Што там паказвалі на сцэне, я добра не ведаю. Ох, і бедавала яна… І кажа мне:
— От, кажа, бальшавікі ўжо напіраюць, і прыйдзецца ехаць, і вельмі ж не хочацца ехаць з радзімы…
Я кажу:
— То, можа, у партызаны можна было б пайсці. (Добра, што яна не пайшла. Яна й не пайшла.)
— Як гэта?
— Ну, — кажу, — мой бацька жыве на хутары, заходзяць часам партызаны ноччу. Я хаджу да бацькі, праўда, з партызанамі не сустракаўся, але можна было б як-небудзь, калі вы хочаце, хоць гэта і складаная, прызнаюся, для мяне рэч.
— Складаная, — кажа. — Гэта муж у мяне. Усё, — кажа, — будзе з-за мужа. Прыйдзецца ехаць. І так яна пагутарыла са мною па-жаночы, пабедавала, пагаварыла ад душы. Я ёй не казаў, канешне, што ў падполлі працую. Але яна сказала: «Ненавіджу я гэтых немцаў». Ну, акупантаў, іначай кажучы. (Немцаў цяжка сказаць: бываюць і немцы добрыя.) Ненавіджу акупантаў, а прыходзіцца і жыць там, і гаварыць, і сустракацца. Мы гэтак паразмаўлялі сам-насам, і ў мяне засталося гэта ў памяці. І нідзе пазней яна не прагаварылася, не выдала, як гэта груба сказаўшы. І засталася ў памяці шчырая размова. На беларускай мове, так хораша. І мацярынская яе бяда па сыну. І пра Бацькаўшчыну гаварыла, што ўся ў крыві. І што з гэтага будзе — яшчэ не вядома, але пакідаць Беларусь не хочацца. Вось такі ў мяне ўспамін добры застаўся пра Наталлю Арсенневу.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара