Паэту, барду Сержуку Сокалаву-Воюшу – 60 год



Сержука Сокалава-Воюша без перабольшвання можна назваць галоўным бардам нацыянальнага абуджэння ў Беларусі другой паловы 80-х гадоў. Яго песні гучалі і на мітынгах, і на канцэртах (нават у філармоніі), і на літаратурных імпрэзах і пры вогнішчы ў вандроўках.

Са сваёй гітарай Сяржук паспяваў быць усюды. Усе яго песні былі пра Беларусь. Ад лірычных, да патрыятычных і ваярскіх.

Удзельнічаў Сяржук і ў першых фестывалях Музыкі Маладой Беларусі «Басовішча» ў падляшскім Гарадку. І добра запомніўся беларусам Падляшша.

Гэта быў той час, калі вершы чыталіся на мітынгах, калі спевы пад гітару запісваліся на бабінныя магнітафоны, калі паэзія была агменем, які грэе, і паходняй, якая асвятляе шлях.

Сяржук Сокалаў-Воюш быў гарністам таго часу.

Яго паэзія сапраўды знаходзіла водгук. Без яе, відаць, нацыянальная адліга канца 80-х не была б такая спеўная, паэтычная, задзірыстая.

Беларускае Радыё Рацыя віншуе юбіляра і жадае яму новых кніг, новых вершаў, новых цудоўных песень.

Жыве Беларусь!

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя