Паэту Генадзю Дзмітрыеву – 80
Моц такую зямля мне дае:
Людзі!
Беды свае і трывогі
Узваліце на плечы мае –
Не сагнуся,
Не збочу з дарогі.
Гэтыя радкі з першага зборніка вершаў Генадзя Дзмітрыева “Гарады на далонях”. 18 кастрычніка паэту спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння.
Генадзь Дзмітрыеў нарадзіўся ў Гарадоцкім раёне на Віцебшчыне.
Пасля заканчэння Бычыхінскай сярэдняй школы працаваў загадчыкам клуба рабочай моладзі на Бычыхінскім ільнозаводзе. У 1970 годзе скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў настаўнікам у Варанчанскай сярэдняй школе Карэліцкага раёна. З 1984 года быў няштатным карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі па Гарадзенскай вобласці, працаваў таксама намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”.
Пісаць вершы Генадзь Дзмітрыеў пачаў у школьныя гады. Першы друкаваны верш «Люблю сваю я Беларусь» з’явіўся ў Езярышчанскай раённай газеце «Калгасная вёска» ў 1959 годзе, потым вершы друкаваліся ў рэспубліканскім друку.
Выйшлі з друку некалькі паэтычных зборнікаў, сярод якіх – «Гарады на далонях» (1974), «Птушка Сінязорка» (1976), «Азярыны» (1980) і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя