Паэту Міколу Пракаповічу ўручылі пуд мёду
Берасцейскаму паэту Міколу Пракаповічу ўручылі пуд мёду. Гэта традыцыйны прыз для намінантаў штогадовай берасцейскай „Мядовай прэміі”, якую заснаваў і прысуджае паэт і пчаляр Мікола Папека.
Мікола Пракаповіч атрымаў прэмію за зборнік вершаў “Прытулак памяці”, выдадзены сёлета выдавецтвам “Кнігазбор”.
– Гэтая кніга не арыентавалася на прэміі. Гэта тое, што збіралася мною, пісалася мною цягам ледзь не паўстагоддзя.
Цырымонія ўзнагароджвання адбылася на аграсядзібе “Стулы”, пасля прэм’еры “Палескай батлейкі” ў выкананні гаспадароў аграсядзібы Аляксандра і Ларысы Быцко. Месца абрана не выпадкова. У рэпертуары сямейнага тэатра ёсць батлейка, пастаўленая па п’есе Міколы Пракаповіча з аднайменнай апошняму зборніку назвай “Прытулак памяці”, таму Міколу і Ларысу з Алесем аб’ядноўвае не толькі даўняе знаёмства, але і плённая сумесная творчасць.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя