Паэту Янку Юхнаўцу – 100 год
Янка Юхнавец нарадзіўся 3 лістапада 1921 года ў вёсцы Забродак пад Бягомлем (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Да нямецка-савецкае вайны скончыў сярэднюю школу. Бацькоў ды пяцярых малодшых братоў спалілі карнікі ў гады вайны, сам Янка Юхнавец быў арыштаваны СД і вывезены ў Нямеччыну летам 1944 году. У Нямеччыне вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Трапіў у лагеры перамешчаных асобаў (Рэгенсбург, Міхельсдорф, Розэнгайм), у якіх знаходзіўся ў 1945—1949 гадах. Жыў у Баварыі, працаваў на сельскай гаспадарцы. Дэбютаваў у друку ў 1948 годзе (часопісы «Шыпшына» і «Сакавік»).
У 1949 годзе скончыў Вольны ўніверсітэт у Мюнхене па спецыяльнасці заходнееўрапейскае права. У гэтым жа годзе з’ехаў у ЗША, дзе працаваў у сфэры кампутарнага бізнесу. Большую частку жыцця правёў у эміграцыі. У розныя часы належаў да грамадскіх і царкоўных арганізацыяў: Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА), Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ), да літаратурных суполак «Шыпшына», «Сакавік» (Нямеччына), «Баявая Ўскалось» (Канада), «Конадні» (ЗША).
У эміграцыі пачаў пісаць вершы ды прозу (першыя вершы апублікаваныя ў 1947 годзе ў часопісе «Шыпшына» ды ў 1948 годзе ў часопісе «Сакавік»). Аўтар апавяданняў, навэлаў, гістарычнай аповесці-ўспамінаў «Яно». Не зазнаў уплыву беларускай савецкай літаратурнай традыцыі.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Шорах моўкнасці» (Нью-Ёрк, 1955), «Новая Элэгія» (Баварыя, 1964), «Калюмбы» (Нью-Ёрк, 1967). Выйшлі кнігі выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989—1990), «Сны на чужыне» (Мінск, 1994; з серыі «Галасы беларускага замежжа» выдавецтва «Мастацкая літаратура»), «Паэзія» (Мінск: Лімарыус, 2012). Шмат твораў Янкі Юхнаўца не выдадзена.